Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўзмро́к, ‑у, м.

Няпоўны змрок; вельмі слабае асвятленне. У хаце паўзмрок, ужо вечар, і чалавек не можа разглядзець, ёсць хто ў хаце ці не. Галавач. У зямлянцы было адно акенца, і, як заўсёды ў хмурны дзень, тут стаяў паўзмрок. Сіняўскі. Праз шыбы з тоўстым напластаваннем інею працэджвалася дзённае святло, і ў хаце быў нейкі прыемна ўрачысты паўзморк. Шамякін.

паўзмро́чны, ‑ая, ‑ае.

Не зусім асветлены, цемнаваты. Ачуўся .. [Язэп] у сырым паўзмрочным сутарэнні. Гуло ў скронях, і балюча было павярнуць галаву. Асіпенка. Гэта быў невялікі паўзмрочны пакой з замураванымі больш як да паловы вокнамі. Мележ.

па́ўзнік, ‑а, м.

Спец. Від трохскладовага сілабатанічнага верша з паўзамі (у 4 знач.), г. зн. з неаднолькавай вольнасцю ненаціскных складоў паміж націскнымі. Жывое гучанне верша пераконвае, што перад намі «чысты» паўзнік ці дольнік. Бярозкін.

паўзніма́цца і паўздыма́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Узняцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. З-пад шынялёў, з-пад коўдраў павысоўваліся, паўзнімаліся галовы. Чорны. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка. А далей з-пад лісцяў тонкіх Паўзнімаліся зялёнкі, І застылі ў новых шапках Падасінавікі, бабкі. Бачыла.

паўзніма́ць і паўздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Узняць усё, многае, або ўсіх, многіх. Паўзнімаць байцоў па трывозе. □ Хвоі, што так высока паўздымалі свае губатыя верхавіны, рыпяць. Барашка.

па́ўзны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да паўзы (у 3 знач.). Паўзны знак.

паўзраста́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Узрасці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

паўзрыва́цца, ‑аецца; зак.

Узарвацца — пра ўсё, многае. Снарады паўзрываліся.

паўзрыва́ць 1, ‑ае; зак., што.

Узрыць усё, многае. Свінні паўзрывалі грады.

паўзрыва́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Узарваць усё, многае. [Янка:] — А чым пацвердзіць?.. Прынесці тыя колы з вагонаў, што паскідаў я пад адхон? Масты, што спаліў? Машыны, што паўзрываў на грав[і]йках?.. Савіцкі.

паўзу́н, ‑а, м.

1. Разм. Той, хто не ўмее яшчэ хадзіць, поўзае (пра дзяцей). Дзяцей была поўная хата, ад паджыганцаў да паўзуноў, і ўсе пад адно, у даўжэзных палатняных кашулях, нястрыжаныя, нават цяжка было пазнаць, каторае з іх хлапчук, а каторае — дзяўчынка. Лобан.

2. Спец. Дэталь механізма, якая слізгаецца ўзад і ўперад на якой‑н. паверхні ў прамалінейным напрамку.

3. толькі мн. (паўзуны́, ‑оў). Клас пазваночных жывёл, які ўключае змей, яшчарак, кракадзілаў і пад.