паўзво́дны, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца ўзводамі, па ўзводах. Паўзводнае пастраенне.
паўздзіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Узадраць усё, многае. Кралі з магазіна не адны Наздрэйкі. І засекі паразбіралі, і падлогу паўздзіралі. Крапіва.
паўздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Уздыхаць некаторы час. Старыя пабядуюць, паўздыхаюць і разыдуцца. Грахоўскі. Маці крыху пасядзела каля дзеда, паўздыхала і падалася на кухню. Хомчанка.
паўзіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Узірацца некаторы час. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохі паўзіраўся ў байца і затым тузануўся з ламачча. Быкаў. Лабановіч паўзіраўся пільней — так: гэта Янка Тукала! Колас.
паўзко́м, прысл.
Прыпадаючы тулавам да паверхні, паўзучы. Да пярэдняга краю прыйшлося прабірацца то паўзком ад ямкі да ямкі, то перабежкамі. Мележ. Толькі паўзком, па-пластунску, можна было пераадолець кіламетровы прамежак ад узлесся да першых вясковых хлявоў. Марціновіч.
паўзла́зіць, ‑лазіць; ‑лазім, ‑лазіце, ‑лазяць; зак.
Узлезці — пра ўсіх, многіх. Невялікія, супроць доўгага тулава, галоўкі [баскетбалістаў] ледзь не на паўметра ўзвышаліся над мяккімі крэсламі, і можна было падумаць, што гэта і ёсць дзеці; раздурэліся і паўзлазілі з нагамі на сядзенне. Лужанін.
паўзле́сны, ‑ая, ‑ае.
Які праходзіць, пралягае паўз лес, каля лесу. Чорная мужчынская постаць падалася на паўзлесную сцежку. Чорны.
паўзме́ны, ж.
Палавіна змены. Такой парой гарачай За паўзмены І ў свірне могуць прарасці зярняты. Аўрамчык.