Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўзасло́нены, ‑ая, ‑ае.

Амаль заслонены, не зусім заслонены.

паўзасо́хлы, ‑ая, ‑ае.

Амаль засохлы, не зусім засохлы. Малады высокі дуб.. стаяў на беразе Дняпра. Пад ім туліліся некалькі паўзасохлых арэхавых кустоў. Шамякін.

паўзачы́нены, ‑ая, ‑ае.

Амаль зачынены, не зусім зачынены. Паўзачыненыя дзверы.

паўзбіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Узбіцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

паўзбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Узбіць усё, многае. Паўзбіваць падушкі.

паўзбу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Узбудзіць усіх, многіх. Паўзбуджваць дзяцей.

паўзвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Узвалачы ўсё, многае або ўсіх, многіх.

паўзвала́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Тое, што і паўзвалакаць.

паўзве́рх, прысл. і прыназ.

1. прысл. Вышэй паверхні чаго‑н., над кім‑, чым‑н. Глядзець паўзверх.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паўзверх» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца з назвамі месца або прадмета, над паверхняй якіх што‑н. размяшчаецца, адбываецца ці рухаецца. Сонца зранку жарам пыша, Ветрык лісце чуць калыша, Вее чуць паўзверх зямлі. Колас. За шыбай ужо была снежная гурба. Паўзверх яе курыўся снег. Алешка.

паўзво́дна, прысл.

Узводамі, адзін узвод за другім. Пастроіўшы салдат паўзводна, капітан перад кожным узводам паставіў пэўную задачу. Сіняўскі. Прывал скончыўся. Калона паўзводна, рассыпаўшыся ланцужкамі, пайшла ярамі і пералескамі на пярэдні край. Хадкевіч.