паўжа́ртам, прысл.
Не зусім сур’ёзна, з адценнем жартаўлівасці. [Муж] адказаў ёй не то сур’ёзна, не то паўжартам: — А чаго тут разумець? Лынькоў. — Прыплод бог даў, — паўжартам сказаў .. [дзед], ну і вязе табе, чалавеча, на гэтыя пчолы. Кулакоўскі.
паўжартаўлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Не зусім сур’ёзны, з адценнем жартаўлівасці. Іван, Нікадзімавіч, відаць, не чакаў такога адказу на сваё паўжартаўлівае пытанне. Краўчанка.
паўжывы́, ‑ая, ‑ое.
Чуць жывы, блізкі да смерці. [Заложнікаў] выводзілі па тры, па чатыры чалавекі, знясіленых, паўжывых, некаторых зусім непрытомных ад голаду, ад катаванняў. Лынькоў. // Які страціў сілы, аслабеў ад якіх‑н. перажыванняў. Паўжывы ад страху.
паўз, прыназ. з В.
Спалучэнне з прыназоўнікам «паўз» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назвах месц, прадметаў, уздоўж якіх або непадалёку ад якіх што‑н. размяшчаецца ці рухаецца. Некалькі разоў удзень перагонамі ішоў дождж, і мокрыя аўсы гнуліся да зямлі паўз гасцінец. Чорны. Паўз чыгунку цягнуўся лес. Гаўрылкін. Наш маршрут ляжаў паўз Оршу. Гроднеў. Паўз нас паплавамі ляжала сенажаць. Скрыган.
па́ўза, ‑ы, ж.
1. Кароткі перапынак у гучанні чаго‑н. [Насця:] — Каб вы ведалі, як цудоўна жыць і змагацца... Змагацца і, — яна зрабіла паўзу, а потым шэптам выдыхнула: — кахаць... Шамякін. — Нічога, хадзіў нагамі, пазіраў вачамі, слухаў вушамі, — з горкай іроніяй загаварыў Саўка. Войт і яго прыяцелі клюнулі насамі і прыгнулі галовы. Невялікая, няёмкая паўза, некаторае замяшанне. Колас.
2. Перапынак у якім‑н. дзеянні, занятку, працэсе. Раней Ганін дзень меў нейкія незапоўненыя паўзы, пустыя часіны. Грамовіч.
3. Спец. Перапынак у гучанні музычнага твора або якой-небудзь яго часткі. // Значок для абазначэння гэтага перапынку ў нотах.
4. Спец. Пропуск ненаціскнога складу ў вершы, пераважна ў трохдольным.
[Грэч. páusis — прыпынак.]
паўзабы́ты, ‑ая, ‑ае.
Амаль забыты. [Аляксей] спрабаваў адагнаць.. [думкі], расказваў сам сабе паўзабытыя вершы, хаваў галаву пад падушку, але нішто не дапамагала. Мележ. Усё, што было раней, для мяне стала нейкім прыемным паўзабытым сном. Ракітны.
паўзабыццё, ‑я, н.
Стан, блізкі да забыцця (у 2, 3 знач.). Маўклівыя .. [адпачываючыя] ляжалі ў адных і тых жа пазах, узіраліся ў блеклае восеньскае сонца і нібы прыслухоўваліся да саміх сябе, цалкам аддаючыся дрымотнаму паўзабыццю. Лынькоў. [Маладзіца] разамлела ад гарачага дыхання матора і бесклапотнасці і цяпер у паўзабыцці адкінулася на спінку сядзення. Хадановіч.
паўзакры́ты, ‑ая, ‑ае.
Амаль закрыты, не зусім закрыты. Паўзакрытыя вокны.
паўзаплю́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Амаль заплюшчаны, не зусім заплюшчаны (пра вочы).
паўзаро́слы, ‑ая, ‑ае.
Амаль зарослы, не зусім зарослы. Непадалёк .. [танкісты] убачылі паўзарослыя, паўзасыпаныя зямлянкі. Мележ.