Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўдаро́гі, ж.

Палавіна дарогі. Маёнтак яшчэ спаў, калі Гендарсан праехаў паўдарогі ў мястэчка. Чарнышэвіч. Калі ўжо прайшлі паўдарогі, пасылаў дождж, спачатку дробненькі, а потым усё спарнейшы і спарнейшы. Хомчанка.

•••

На паўдарозе (спыніць, спыніцца і пад.) — не закончыўшы распачатай справы.

паўдзеся́тка, м.

Палавіна дзесятка, пяць штук. Каля чырвонай бензінавай палонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін. У .. [Вадзімавым] вядзерцы трапяталася з паўдзесятка акунькоў. Гаўрылкін.

паўдзесяці́ны, ж.

Уст. Былая мера зямлі, роўная палавіне дзесяціны. Усёй зямлі ў .. [Дразда] было толькі паўдзесяціны. Паслядовіч.

паўдзённы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўдня ​2; які бывае ў поўдзень ​2. У паўдзённую спякоту яны былі ўжо каля.. лясной рачулкі. Сачанка. Слязіцца, смолкаю пацее Сцяна ў паўдзённы сонцапёк. Бялевіч.

паўдзённы 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўднёвы ​1. Гэта — дар паўдзённы ад братоў, Пэўна з Ерэвана і з Тбілісі, З цёплых чарнаморскіх берагоў. Танк. Веюць ветры з паўдзённых зямель, Ахінаюць цяплынню зямлю ўсю. З добрым ранкам, сяло Церабель — Любы сэрцу куток Беларусі. Ляпёшкін.

паўдзі́кі, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова цывілізаваны, амаль дзікі. Паўдзікія плямёны.

паўднёвы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поўдня ​1; які знаходзіцца, размяшчаецца на поўдні. Паўднёвы полюс. Паўднёвы горад. □ Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў. Колас. Паўднёвы бераг [Дзвіны] больш адхонны, залесены. Асіпенка. // Які дзьме з поўдня (пра вецер). Паўднёвы вецер. // Уласцівы жыхару поўдня. Паўднёвы тэмперамент.

•••

Паўднёвы захад гл. захад.

Паўднёвы ўсход гл. усход.

паўднёвы 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўдзённы ​1. Ідуць часам яны з дзедам, — Месца слаўнае, цяпло, Час паўднёвы прад абедам. Колас. Заснула паўднёвым сном зямля. Ад вялікай спякоты і птушкі не спявалі. Бядуля.

паўднёўка, ‑і, ДМ ‑нёўцы; Р мн. ‑нёвак; ж.

Разм. Тое, што і паўдня ​1. У самую гарачую пару работы Мацвей раптам мог знікнуць і, забыўшыся пра ўсё, прагуляць дзе-небудзь цэлую паўднёўку. Лобан. — Двух цесляроў брыгадзір паставіў бы, і яны зрабілі б усё гэта за адзін дзень, а то нават за паўднёўку. Кулакоўскі.

паўдня́ 1, м.

Палавіна дня. Цэлага паўдня прайшло на ўсю гэту беганіну. Лобан. Яшчэ раз пакратаў [Зіновій Цімафеевіч] бочку, адступіў крокі на два назад, агледзеў усю гаспадарку, што вырасла тут за паўдня. Нядзведскі.

паўдня́ 2, н.

Тое, што і поўдзень ​2. Ужо хутка паўдня, а зямля яшчэ зусім не нагрэлася. Ваданосаў. Было паўдня. Хутка з поля прыйшла маці Андрэя Паўліна Сямёнаўна, рослая жанчына, гадоў пяцідзесяці пяці. Дуброўскі. Пад паўдня назаўтра ўехаў палявод з кавалём у Вязавічы. Калюга.

паўдрымо́та, ‑ы, ДМ ‑моце, ж.

Блізкі да дрымоты стан. У паўдрымоце, у гарачым трызненні .. [Саша] прыціскала яго [Пецеву] галаву да сваіх грудзей, цалавала яго вусны, вочы, казала самыя ласкавыя словы. Шамякін.

паўжабра́цкі, ‑ая, ‑ае.

Амаль жабрацкі. Мучыць і паўжабрацкае існаванне сям’і. Хворы бацька. Беднасць — няма хлеба. Галавач.