падкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што, чым і без дап.
1. Падмацаваць сілы, здароўе, даючы дадатковую яду. Падкарміць галадаючых. □ Змарнелых дзяцей, якія ўжо два месяцы нічога, акрамя шчаўя, не бачылі, рашылі падкарміць. Чыгрынаў. [Вясніна:] Такіх людзей, як Бондар і Рымша, трэба берагчы, іначай яны хутка згараць. Людзі з вайны, трэба падкарміць, а тут нястача. Гурскі. // Дадаць корму. Падкарміць цялят. Падкарміць рыбу.
2. Дабавіць у глебу мінеральнага ўгнаення для паляпшэння росту раслін. Падкарміць салетрай кукурузу. □ [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба прапалоць [гародніну], дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.
3. Разм. Укарміць, выкарміць. [Антось:] — Зараблю.., падкармлю кабанчыкаў. А там, зімой, будзе відаць. Скрыпка.
падкаро́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падкараціць.
падкаро́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падкарочваць.
падкаро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падкараціць.
падкарэ́нны, ‑ая, ‑ае.
У матэматыцы — які стаіць пад знакам кораня (√). Падкарэнны лік.
падкаса́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падкасаць.
падкаса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Закасаць на сабе калошыны штаноў. Хлапчук падкасаўся і пабег напрасцяк. Пальчэўскі. // Закасацца, падвярнуцца (пра адзенне). [Ігнат] зірнуў на стаптаныя свае гамашы, .. паправіў штаніну, што была падкасалася, як спаў. Галавач.
падкаса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Закасаць, падвярнуць што‑н. [Васіль] падкасаў рукавы шыняля, з радасцю ўзяўся дапамагаць грузіць дровы. Мележ. Косцік нехаця падкасаў вышэй каленяў штаны, узяў сваю вуду, кацялок і моўчкі пайшоў за Сцяпанам Пятровічам. Ляўданскі.
падка́сванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падкасваць — падкасаць і падкасвацца — падкасацца.
падка́свацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падкасацца.
2. Зал. да падкасваць.