пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.
2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.
3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.
пату́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Час ад часу, злёгку тупаць. Патупваць ад марозу.
2. Хадзіць, тупаць туды-сюды, пахаджаць. Сярод дзяўчат і хлопцаў рупліва патупваў стары Васіль Тумаш, з блішчастай сякерай за поясам. Кулакоўскі.
пату́піцца, ‑ту́плюся, ‑ту́пішся, ‑ту́піцца; зак.
Патупіць (вочы, галаву); панурыцца. Якім патупіўся, трохі памаўчаў, глыбока зірнуў на мяне. Нікановіч. Патупілася [дзяўчына], перамінаецца з нагі на нагу і не ведае, што ёй рабіць. Ракітны.
патупі́цца, ‑ту́піцца; зак.
Зрабіцца тупым, ступіцца — пра ўсё, многае. Косы патупіліся.
пату́піць, ‑ту́плю, ‑ту́піш, ‑ту́піць; зак., што.
Апусціць уніз (вочы, галаву). Лена прыкінулася, што плача, патупіла вочы і пачала выціскаць слязу. Няхай. А калі і гляне [Пракоп], дык зараз жа патупіць вочы, быццам яна [Раманіха] вінавата была перад ім. Ермаловіч.
патупі́ць, ‑туплю́, ‑ту́піш, ‑ту́піць; зак., што.
Зрабіць тупым, ступіць усё, многае. Патупіць нажы.
патура́льнік, ‑а, м.
Той, хто патурае каму‑, чаму‑н.
патура́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. патураць.
патура́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Паблажліва, нястрога адносіцца да каго‑, чаго‑н., рабіць паблажку каму‑, чаму‑н. Змалку песцілі хлапчука, а потым патуралі яго свавольству. Гроднеў. — Але я ніколі, — голас Апейкі пацвярдзеў, — не патураў ворагу. Мележ.
патурбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; зак.
Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Дзед:] — Вы, брыгадзіры, патурбаваліся б, каб хлопцаў кармілі лепей. Шамякін. Калі толькі ў час патурбавацца аб кармах, то зіма пройдзе ў поўным дастатку. Самусенка.
патурбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.
Прычыніць клопат, неспакой, турботы каму‑н.; патрывожыць каго‑н. [Пісар:] — Прабачце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. [Тварыцкі:] — Пакуль спакойна — можна прыдбаць што, а ты баішся вялікую шышку, Назарэўскага, патурбаваць. Чорны. Касоўскі адпачываў пасля абеду. — Што табе трэба, Цвіркун? — спытаў ён, нездаволены тым, што яго патурбавалі. Шамякін.