падкапа́ны і падко́паны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дзеясл. падкапа́ць.
падкапа́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.
1. Капаючы зямлю пад чым‑н., зрабіць падкоп, праход. Рукамі не вельмі ўздзярэш зямлю, вострай жалязякай больш зручна падкапацца пад загарадзь. С. Александровіч. // Зрабіўшы падкоп, улезці куды‑н.
2. перан. Разм. Інтрыгуючы, знайсці недахопы, каб нашкодзіць каму‑н. — Мама, ты нічога не разумееш. Алесь злуе на Петруся, а хоча падкапацца пад Булая. Шыцік. // (звычайна з адмоўем). Выявіць недахопы, парушэнні. [Порхаўка:] — Выведзе [Шпакоўскі] баланс і не падкапаешся, двайная бухгалтэрыя... Гурскі.
падка́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Разм. Накапаць дадаткова. Падкапаць лякарства.
падкапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.
1. Раскапаць зямлю пад чым‑н. Падкапаць слуп. □ Іван Навумавіч падняў каля плота трэску, асцярожна падкапаў ёю збоку сушэйшы куст. Якімовіч. У маладой прыгажуні сасонкі дзік падкапаў карэнне, і яны апынуліся на паверхні зямлі. Мяжэвіч. // Зрабіць падкоп пад чым‑н. Падкапаць плот.
2. Зрабіць глыбейшым, паглыбіць. [На Палессі] сёлета, напрыклад, пасля таго, як асушылі балоты, у маёй роднай вёсцы ўзровень вады так упаў, што давялося падкапаць амаль усе калодзежы. Сачанка.
3. і чаго. Разм. Накапаць, выкапаць у дадатак да чаго‑н. Маці ўстала, узяла ў сенцах кош і рыдлёўку. — Пойдзем бульбы падкапаем. Якімовіч.
падка́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падка́паць.
падкараву́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падкаравуліць.
падкараву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
Разм. Падсцерагчы, высачыць каго‑, што‑н. [Балук:] — І Саўка прывядзе сюды паліцыю ці салдат. Вось тут і трэба падкаравуліць і сустрэць іх так, каб ніхто з іх не вярнуўся з лесу. Колас. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка.
падкараву́льванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падкаравульваць — падкаравуліць.
падкараву́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падкаравуліць.
падкараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., што.
Зрабіць карацейшым. Падкараціць валасы. □ [Бацька:] — Паглядзі ў матчынай скрыні якую яе сукенку. Можа што падкароціш, што падшыеш, дык яно і добра будзе. Сабаленка. // Трохі скараціць, зрабіць меншым. Падкараціць артыкул.
падкармі́цца, ‑кармлюся, ‑кормішся, ‑корміцца; зак.
Разм. Набрацца сіл, спажываючы больш каларыйную ежу, корм; паесці дадаткова.