парэ́паны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Патрэсканы, шурпаты. Аксіння працягнула да Евы рукі: былі яны парэпаныя, мазолістыя ад цяжкай работы. Асіпенка. [Толік] стаяў.. і цёр адна аб адну свае босыя, парэпаныя ногі — кусалі камары. Капыловіч. Пры вуліцы тырчалі два парэпаныя счарнелыя слупкі, што нейкім цудам уцалелі ад плота. Мележ.
парэ́пацца, ‑аецца; зак.
Разм. Патрэскацца. Засмяглыя [хлопчыкавы] вусны парэпаліся, і з іх сачылася кроў. Шамякін. У чэрвені балотца наша так высахла, што іл аж парэпаўся. Якімовіч.
парэ́піна, ‑ы, ж.
Разм. Месца, дзе што‑н. парэпалася; шурпатасць. Рыгор бачыў, як, чапляючыся за парэпіны кары, спрабаваў лезці Ясь. Сабаленка.
парэфо́рменны, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да перыяду пасля рэформы. Рэвалюцыйны пафас беларускай дэмакратычнай паэзіі 1905–1907 гадоў з’яўляўся яркім выражэннем незадаволенасці, якая накаплялася ў народных нізах на працягу парэформеннага саракагоддзя. Лойка.
парэ́чкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да парэчак. Парэчкавы куст. // Прыгатаваны з парэчак. Парэчкавае варэнне.
парэ́чкі, ‑чак; адз. парэчка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Пташнікаў. Грышка пераскочыў цераз плот у сад, пасля папоўз між кустоў парэчак і агрэсту аж у канец саду, дзе ўжо пачынаўся лес. Чарот. Ідуць радамі ў шапках шэрых Кусты парэчак і ажын. Глебка.
2. зб. Кіславата-салодкія ягады гэтай расліны чырвонага, жоўтага або чорнага колеру. Віно з парэчак. □ І я, задаволены гэткай сустрэчай, Успомніўшы Прыпяць і вёску сваю, Купіў на дарогу празрыстых парэчак ў жанчыны, падобнай на маці маю. Жычка.
парэ́чнік, ‑у, м.
Зараснік парэчак. // Галінкі, сцябліны парэчак.