Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пато́мны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Наследны, радавы. Патомны маёнтак.

2. Які ад роду належыць да якога‑н. саслоўя; прыродны. Патомны дваранін, Вярсенеў зразумеў вялікую справядлівасць народнай барацьбы і ўбачыў у рэвалюцыі не разбуральную, а стваральную сілу. Сяргейчык. // Які належыць да сям’і, што ўвесь час займаецца пэўнай справай, пэўным рамяством. Патомны сталявар. Патомны рыбак.

пато́мны 2, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца, праводзіцца па тамах, па кожным томе асобна. Патомнае выданне.

пато́мства, ‑а, н.

1. Маладое пакаленне ў адносінах да старэйшых, да бацькоў; дзеці. У .. [бяседцы] летам па выхадных днях усё Чмаруцькава патомства ўрачыста засядала за святочным самаварам. Лынькоў. Праз два тыдні з ікрынак выходзіць шматлікае патомства. Матрунёнак. Усё сваё жыццё жаўна праводзіць на ствалах дрэў і ў дупле, дзе спіць і выводзіць патомства. В. Вольскі.

2. Людзі будучых пакаленняў. Прыгожыя людзі, рабочыя людзі — Іх подзвіг працоўны, іх клопат аб Мінску Шчаслівым патомствам забыты не будзе. Гілевіч.

пато́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад патанчыць.

2. у знач. прым. Вытанчаны, тонкі. Самы лепшы і самы патончаны густ тут не знойдзе ніякай заганы. Дубоўка.

пато́нчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патончваць — патанчыць.

пато́нчвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да патанчыцца.

2. Зал. да патончваць.

пато́нчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да патанчыць.

пато́п, ‑у, м.

1. Паводле біблейскай легенды — паводка, якая за грахі людзей затапіла ўсю зямлю. Сусветны патоп.

2. Разм. Разводдзе, паводка, навадненне. Патоп стаяў на Камароўцы Вясной і ўвосень кожны год. Гілевіч. У кватэры Кузьміча са столі лінула вада... Ён раніцаю ў рэмкантору: — Бяда, таварышы, бяда! Патоп у хаце, ў хаце мора... Валасевіч.

пато́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Тое, што і патупаць. Ячны не адказаў нічога. Ён моўчкі ўзяў павады і патопаў з кабылай з двара. Брыль. Варакса патопаў лапцямі, абіваючы снег. Місько.

пато́плены 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патапіць ​1.

пато́плены 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патапіць ​2.

пато́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Таргануцца некалькі разоў. «Пабеда» паторгалася, пафыркала на розных нотах і не кранулася з месца. Быкаў.