папяро́чнік, ‑а, м.
Памер у шырыню, дыяметр. [Егер] бярэцца за свой стальны метр і, прыклаўшы яго да зрэзу, абвяшчае: — Дваццаць тры сантыметры ў папярочніку!.. В. Вольскі.
папяро́чны, ‑ая, ‑ае.
Які праходзіць, размяшчаецца ўпоперак чаго‑н.; проціл. падоўжны. Узышоўшы на другі паверх, наведвальнікі траплялі ў папярочны шырокі калідор, дзе размяшчалася гардэробная. Машара. З году ў год ствол дрэва таўсцее, на ім як бы нарастаюць чахлы. Гэтыя чахлы ў выглядзе кольцаў добра відаць на папярочным зрэзе бервяна. Штыхаў.
папярхну́цца, ‑пярхнуся, ‑пярхнешся, ‑пярхнецца; ‑пярхнёмся, ‑перхняцеся; зак.
На момант задыхнуцца пры пападанні ў дыхальнае горла чаго‑н. (часцінак ежы, вады і пад.). Жанчына зухавата выпіла і папярхнулася. Асіпенка. Верка кашляе — папярхнулася малаком. Жычка. // перан. Змоўкнуць на паўслове ад збянтэжанасці, замяшання і пад. — Куды мне! Удар мой — што твой аўтамат: грукату многа, а вынік... Валянцін Адамавіч папярхнуўся на паўслове. Шамякін. — Дазвольце... — нешта хацеў .. [старшыня] сказаць і папярхнуўся. Лынькоў.
папярэ́джанне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. папярэдзіць (у 1, 2 знач.).
2. Заўвага, якая папярэджвае аб чым‑н. або ад чаго‑н. — Давайце, хлопцы, цішэй, — перасцярог Садовіч.. На разумнае папярэджанне Садовіча ніхто не звярнуў увагі. Колас.
3. Адзін з відаў дысцыплінарнага спагнання. — Як бачыце, вінаваты чыстасардэчна прызнаўся ва ўсім. Таму прапануецца абмежавацца папярэджаннем. Пянкрат.
папярэ́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. папярэджваць — папярэдзіць.
папярэ́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да папярэджваць.
папярэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да папярэдзіць.
папярэ́дзіць, ‑пяраджу, ‑пярэдзіш, ‑пярэдзіць; зак., каго-што.
1. Загадзя паведаміць каму‑н. пра што‑н. Нас папярэдзіў праваднік: Далей ад гэтых месц спыніцца. Танк. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара.
2. Загадзя ліквідаваць тое, што пагражае; перашкодзіць ажыццяўленню чаго‑н. Папярэдзіць злачынства. □ [Мішу] трэба папярэдзіць тое непапраўнае, што магло здарыцца з дня на дзень і пакалечыць яе [дзяўчыны] жыццё. Арочка.
3. Зрабіць што‑н. раней каго‑н. Немцы папярэдзілі наш манеўр, і калі мы адышлі.. [у лагчыну], то заўважылі кругом варожыя танкі, і з усіх бакоў пасыпаліся на нас аўтаматныя кулі. Няхай. [Аверын] наважыўся запытацца пра Краўчанку, але.. [Тася] папярэдзіла яго радасным бляскам усмешкі: — Ён наш, Яша. Ён будзе жыць! Мікуліч.
папярэ́дне, прысл.
Перад чым‑н., раней чаго‑н. У рэдкім хмызняку Вася спыніў байцоў, вырашыўшы папярэдне разведаць яшчэ раз вёску. Мележ.
папярэ́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які быў раней чаго‑н., знаходзіўся непасрэдна перад чым‑н. Гэтыя дні самастойнага жыцця надалі.. [людзям] вопыту больш за ўсе папярэднія гады. Маўр. У паветры яшчэ стаяла рэха папярэдняга ўдару, а ўжо раздаваўся новы. Васілёнак. // у знач. наз. папярэ́дняе, ‑яга, н. [Дзімін:] — З Кашыным пагутарым на бюро, дарэчы, і пра папярэдняе напомнім. Карпаў.
2. Які папярэднічае чаму‑н. асноўнаму, галоўнаму, які бывае перад чым‑н. Першыя пяць дзён былі прысвечаны папярэднім гульням у дзвюх падгрупах. «Звязда». // Такі, які можа быць зменены, перагледжаны; неканчатковы. Папярэднія падлікі. □ Паходня падзяліўся з Янукевічам сваімі папярэднімі планамі. Хадкевіч.
3. Такі, які робіцца, праводзіцца загадзя. Папярэдні продаж білетаў. Стол папярэдніх заказаў.