пасядзе́лкі, ‑лак; адз. няма.
Абл. Тое, што і пасядзенкі. — Запаліш святло — глядзіш і збярэцца народ на пасядзелкі. Машара.
пасядзе́нкі, ‑нак; адз. няма.
Абл. Наведванне каго‑н. з мэтай прабавіць вольны час у размовах. Хутка пачынаюць сходзіцца на пасядзенкі суседзі. Чорны.
пасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак.
Сядзець некаторы час. Пасядзець на лаўцы. Пасядзець над задачай. Пасядзець з дзецьмі дома. Пасядзець у астрозе. □ [Бацька] пасядзеў, апусціўшы галаву, потым устаў і пайшоў з хаты. Ляўданскі. [Турсевіч:] — Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Колас. Дзядзька Нічыпар спрабаваў прыпыніць гэты рух гасцей, угаворваў яшчэ крыху пасядзець. Кулакоўскі. — Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. Маўр. Калі ўсё было гатова, бацька сказаў: — А цяпер, перад дарогай, пасядзім трохі. Даніленка.
пасядла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Асядлаць усіх, многіх (коней).
пасяду́шкі, ‑шак; адз. няма.
Абл. Тое, што і пасядзенкі. Кастусь звадзіў нават свайго новага знаёмага на пасядушкі з песнямі і на гулянку. Караткевіч.
пасяле́нец, ‑нца, м.
1. Той, хто пасяліўся на новым месцы. Пасяленцы на неабжытых землях.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — сасланы на пасяленне чалавек. [Павел Лукіч:] — Глухія нашы ваколіцы сярод непраходных балот былі .. месцам высылкі для тых, хто ў чым правініўся перад дзяржавай. Пасяленцы абзаводзіліся сем’ямі і заставаліся назаўсёды. В. Вольскі.
пасяле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пасяляць — пасяліць (у 1 знач.) і пасяляцца — пасяліцца (у 1 знач.).
2. Месца аседлага жыцця людзей; населены пункт, сяло. Пад ганаровай вартаю прысад У кожным беларускім пасяленні Стаіць гранёны абеліск гранітны. Жычка. // Месца, дзе жывуць, гнездзяцца ў вялікай колькасці якія‑н. жывёлы, птушкі і інш.
3. У дарэвалюцыйнай Расіі — пакаранне, высылка на жыхарства ў аддаленую мясцовасць.
пасялі́цца, ‑сялюся, ‑селішся, ‑селіцца; зак.
1. Заняць дзе‑н. месца для жылля. І вось гэты самы Янка Гукала стаяў цяпер каля гумна, дзе пасяліўся на лета Садовіч. Колас. Мы, вярнуўшыся на пагарэлішча, ..Пасяліліся ў маленькім трысцене. Барадулін. // Заснаваць сядзібу, пабудавацца. Антонава хата вунь, у самым канцы новай вуліцы.. Пасяліўся Антон на выгодзе. Ермаловіч. У Пятроўцы за мостам, дзе першы пасяліўся Мітрафан Лугавы, здаецца, нядаўна яшчэ ляжала пустка. Ракітны.
2. перан. Устанавіцца, з’явіцца, узнікнуць (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Насцярожанасць пасялілася ў хаце Ігната Шылянка. Кавалёў. Добра, што сеецца, Хораша сеецца, — Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Калачынскі.
пасялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.
1. Даць каму‑н. месца для жылля; усяліць. Пасяліць студэнтаў у інтэрнат. Пасяліць сям’ю ў новым доме. □ — Людзей у нас поўна. Але вы не бойцеся, я вас пасялю ўдвух у трэці пакой. Мы яго на ўсякі выпадак трымаем у рэзерве. Сабаленка.
2. перан. Выклікаць (якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Цяпер Веру быццам падмянілі. Сяброўкі таксама прыціхлі. Гора Веры пасяліла ў майстэрні сумную цішыню. Машара.
пасялко́вец, ‑коўца, м.
Разм. Жыхар пасёлка. Кожнага з чатырох трактарыстаў, што ішлі сёння на абарону Радзімы, праводзіла сям’я, радня, а ўсіх іх праводзілі пасялкоўцы. Пальчэўскі. Паўнакроўным жыццём жывуць пасялкоўцы. «Звязда».