Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папяро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паперы (у 1 знач.). Папяровая фабрыка. □ На папяровы камбінат Вязуць драўніну людзі... Кляўко. // Зроблены з паперы. Папяровыя кветкі.

2. перан. Які не ажыццяўляецца на справе, існуе толькі на паперы. — Паперкі захацелася? — жорстка сказаў Алесь. — Ведаеш, дзе б ты апынуўся са сваёй папяровай воляй? Глядзі... Караткевіч.

папяро́к,

1. прысл. Па шырыні; упоперак; проціл. ўздоўж. [Дзед:] Прайшоў я ўздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей усякіх бачыць прыйшлося. Танк. Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «папярок» выражае прасторавыя адносіны: указвае на напрамак, які адпавядае шырыні чаго‑н. [Шаховіч:] — Як гэта магло здарыцца, што машына апынулася папярок дарогі? Мяжэвіч.

•••

Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.

Станавіцца папярок дарогі каму гл. станавіцца.

Стаць папярок дарогі каму гл. стаць.

Стаяць папярок горла гл. стаяць.

папяро́са, ‑ы, ж.

Папяровая трубка з тытунём для курэння (пераважна з папяровым муштуком). Закурыць папяросу. Згарнуць папяросу. □ Кібрык выцягнуў пачак папярос і павярнуў галаву да Ганны Сцяпанаўны: — Дазвольце? Шыцік. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Колас.

[Ням. Papier — папера.]

папяросанабіўны́, ‑ая, ‑ое.

Прызначаны для набівання папярос. Папяросанабіўная машына.

папяро́ска, ‑і, ДМ ‑росцы; Р мн. ‑сак; ж.

Разм. Тое, што і папяроса; невялікая тонкая папяроса. Вячэра, зацягваючыся папяроскай, махаў далонню перад тварам, разганяючы дым. Шамякін.

папяро́снік, ‑а, м.

1. Той, хто вырабляе папяросы або гандлюе імі.

2. Невялікая трубка, у якую ўстаўляюцца папяросы, цыгарэты; муштук. Карпусь выпускаў з масянжовага папяросніка.. стружкі сіва-сіняга дыму. Баранавых.

папяро́сніца, ‑ы, ж.

1. Жан. да папяроснік (у 1 знач.).

2. Скрынка для папярос.

папяро́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да папяросы, папярос. Папяросны дым. Папяросны акурак.

2. Прызначаны для папярос, для вырабу папярос. Папяросны пачак. Папяросны цэх.

папяро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Сорт летняй яблыні, на якой растуць белыя або жоўтыя кісла-салодкія яблыкі.

2. Плод гэтай яблыні. За хатамі спеюць улетку антонаўкі, папяроўкі і слуцкія бэры. Чорны.

папяро́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Брус, жэрдка, планка і пад., замацаваныя ўпоперак чаго‑н. або паміж чым‑н. Засталіся толькі два слупы. Вартаўнік прыбіў да іх папярочкі, і цяпер даяркі сушаць там ручнікі, цадзілкі, вёдры і бітоны... Нядзведскі. Коні стаялі прывязаныя да вазоў або да знарок змайстраваных жардзяных папярочак. Якімовіч.