Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасу́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца, праводзіцца раз у суткі.

пасу́ху, прысл.

Па сухім месцы, сухім шляхам. На вуліцы крыху пратапталіся, папрысыхалі сцежкі, з гора ды з бяды прайсці можна пасуху. Мурашка.

пасу́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасушыць.

2. у знач. прым. Які высах, сухі. На хвалях, што разыходзіліся ад бартоў, гойдалася пасушаная трава — мусіць, недзе ўначы пазносіла вадой копы. Чыгрынаў.

пасушы́цца, ‑сушуся, ‑сушышся, ‑сушыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Высушыцца — пра ўсё, многае.

2. Сушыцца некаторы час. — Вунь у тым пакоі грубка гарыць, пасушыцца можна. Новікаў.

пасушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., што.

1. Высушыць, перасушыць усё, многае. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені, Пасушыла вільгаць, росы, Распусціла ў небе косы. Колас.

2. Сушыць некаторы час. [Акцызнік:] — Можна і чаравічкі скінуць ды пасушыць, каб ногі не прэлі на пасецы, каб нагам здаравей было. Пташнікаў.

пасушэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца сухім, сушэйшым. Сена пасушэла. / у безас. ужыв. Раптам пасушэла. Ногі патанулі ў пяску, мы пачалі ўзбірацца на ўзгорак. Лупсякоў.

2. перан. Пахудзець. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ.

па́сха, ‑і, ж.

Салодкая ежа з тварагу ў выглядзе невялікай чатырохвугольнай піраміды, якая прыгатаўляецца да вялікадня. Тварожная пасха.

пасхіля́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑яецеся, ‑яюцца; зак.

Схіліцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Вучні пасхіляліся над сшыткамі.

пасхіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Схіліць усіх, многіх або ўсё, многае. Народ гуртам стаяў каля вырытай свежай магілы, людзі пасхілялі галовы. Гурскі.

пасхо́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся, ‑дзяцца; зак.

Сысціся — пра ўсіх, многіх. І вось, бывала, пан прыкажа — Сюды пасходзіцца ўся стража І робіць цэлую параду. Колас.