пасудзі́ць, ‑суджу́, ‑су́дзіш, ‑су́дзіць; зак.
Разм.
1. каго. Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі, пасудзілі за гэта. Лужанін.
2. заг. пасудзі́(це) (звычайна з займеннікам «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні: падумай(це), памяркуй(це), уяві(це) сабе. — Што ж болей рабіць, пасудзі? Колас. Голы, босы хадзіў дзіцем, — Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос. Паглядзіце, пасудзіце — Я таксама гол і бос. Купала.
3. Пагаварыць, папляткарыць некаторы час. [Куліна:] А які суд можа быць між сваімі.. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну то і... разводзяцца. Чыгрынаў.
пасу́днік, ‑а, м.
1. Паліца, шафа для пасуды. Помніцца, тая [жанчына] таксама нешта казала і пра Германію, пакуль бразгала ў пасудніку і кроіла хлеб. Быкаў.
2. Рабочы, які мые посуд у сталовай, рэстаране і пад. Працаваць пасуднікам.
пасу́дніца, ‑ніцы, ж.
Жан. да пасуднік (у 2 знач.).
пасу́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да посуду, пасуды. Пасудная вытворчасць. Пасудная шафа.
пасука́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пасукаць.
пасука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і ‑сучу, ‑сучаш, ‑суча; зак., што.
1. Ссукаць, перасукаць усё, многае. Пасукаць усю пражу.
2. і без дап. Сукаць некаторы час. З паўдня пасукала ніткі.
пасумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.
Сумаваць некаторы час. Мы сягоння на чужой чужыне сядзем па-сяброўску за сталом, Пасумуем па сваёй краіне, Песню «А ў бары, бары» спяём. Панчанка.
пасумне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў сумным, сумнейшым. Людзі ўсталі і, пасумнелыя, паніклі галовамі... Пестрак.
пасумне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць сумным, сумнейшым. Віця пасумнеў: шкада, што не давялося нічога ўбачыць самому. Корзун. У люстэрку не адразу пазнаў сябе [Алесь]. Твар стаў бледны, нос завастрыўся, пабольшалі і пасумнелі вочы. Сіняўскі.
пасумнява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Сумнявацца некаторы час. Гэта наўмысля ён, таўстун, дазволіў .. [сялянам] на нейкі час пасумнявацца — з сумнення заўсёды родзіцца мацнейшае перакананне. Зарэцкі.