пастэрызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак.
Падвергнуць (падвяргаць) пастэрызацыі. Пастэрызаваць грыбы.
пастэрыза́тар, ‑а, м.
Апарат для пастэрызацыі. Паравы пастэрызатар.
пастэрызацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для пастэрызацыі. Пастэрызацыйныя апараты. Пастэрызацыйны пункт. Пастэрызацыйная ванна.
пастэрыза́цыя, ‑і, ж.
Знішчэнне шкодных мікраарганізмаў у вадкасцях шляхам награвання да тэмпературы не вышэйшай, чым 100°. Пастэрызацыя малака.
пасу́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж., зб.
Тое, што і посуд. Бразнула нешта з пасуды, і .. [Міканор] прачнуўся, расплюшчыў вочы. Кулакоўскі.
пасу́дак, ‑дку, м., зб.
Разм. Тое, што і посуд. Міронава дачка мабыць толькі што прыбрала вячэру і мые пасудак. Скрыган. — Я пахвалю любы пасудак, калі ў ім будзе чысты бярозавы сок. Паслядовіч.
пасудамы́ечны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны, служыць для мыцця пасуды. Пасудамыечная машына.
пасудамы́йка, ‑і, ДМ ‑майцы; Р мн. ‑мыек; ж.
1. Памяшканне, дзе мыюць посуд. Цэлы дзень праз адчыненае акно пасудамыйкі чуўся несціханы бразгат місак, талерак, нажоў і відэльцаў. Грамовіч.
2. Машына для мыцця пасуды.
3. Тое, што і пасудніца.
пасу́дзіна, ‑ы, ж.
1. Асобны прадмет посуду, у які можна наліць, насыпаць ці пакласці што‑н. І раптам цешча перамянілася. Міску з крупнікам не сунула на стол, як заўсёды, а наадварот — паставіла яе беражліва, бы надзвычай крохкую дарагую пасудзіну. Б. Стральцоў. // Шкляны выраб, ёмістасць для хімічных рэчываў, лякарства і пад.
2. Разм. Судна, лодка, карабель. Лодка зрабіла імклівы наўкруг, вынеслася на сярэдзіну ракі. Я любаваўся, як увішна ўпраўляўся з пасудзінай рыбак. Чыгрынаў. Сілівону з цямна да цямна даводзілася вадзіць цераз раку старую сваю пасудзіну, збітую з дошак. Лынькоў.
пасудзі́цца, ‑суджуся, ‑судзішся, ‑судзіцца; зак.
Разм. Судзіцца з кім‑н. некаторы час. Спрабуй пасудзіцца тады з ім [Тумашэвічам]: суд заўсёды быў на баку пана. Машара.