паўднёўка, ‑і, ДМ ‑нёўцы; Р мн. ‑нёвак; ж.
Разм. Тое, што і паўдня 1. У самую гарачую пару работы Мацвей раптам мог знікнуць і, забыўшыся пра ўсё, прагуляць дзе-небудзь цэлую паўднёўку. Лобан. — Двух цесляроў брыгадзір паставіў бы, і яны зрабілі б усё гэта за адзін дзень, а то нават за паўднёўку. Кулакоўскі.
паўдня́ 1, м.
Палавіна дня. Цэлага паўдня прайшло на ўсю гэту беганіну. Лобан. Яшчэ раз пакратаў [Зіновій Цімафеевіч] бочку, адступіў крокі на два назад, агледзеў усю гаспадарку, што вырасла тут за паўдня. Нядзведскі.
паўдня́ 2, н.
Тое, што і поўдзень 2. Ужо хутка паўдня, а зямля яшчэ зусім не нагрэлася. Ваданосаў. Было паўдня. Хутка з поля прыйшла маці Андрэя Паўліна Сямёнаўна, рослая жанчына, гадоў пяцідзесяці пяці. Дуброўскі. Пад паўдня назаўтра ўехаў палявод з кавалём у Вязавічы. Калюга.
паўдрымо́та, ‑ы, ДМ ‑моце, ж.
Блізкі да дрымоты стан. У паўдрымоце, у гарачым трызненні .. [Саша] прыціскала яго [Пецеву] галаву да сваіх грудзей, цалавала яго вусны, вочы, казала самыя ласкавыя словы. Шамякін.
паўжабра́цкі, ‑ая, ‑ае.
Амаль жабрацкі. Мучыць і паўжабрацкае існаванне сям’і. Хворы бацька. Беднасць — няма хлеба. Галавач.
паўжа́ртам, прысл.
Не зусім сур’ёзна, з адценнем жартаўлівасці. [Муж] адказаў ёй не то сур’ёзна, не то паўжартам: — А чаго тут разумець? Лынькоў. — Прыплод бог даў, — паўжартам сказаў .. [дзед], ну і вязе табе, чалавеча, на гэтыя пчолы. Кулакоўскі.
паўжартаўлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Не зусім сур’ёзны, з адценнем жартаўлівасці. Іван, Нікадзімавіч, відаць, не чакаў такога адказу на сваё паўжартаўлівае пытанне. Краўчанка.
паўжывы́, ‑ая, ‑ое.
Чуць жывы, блізкі да смерці. [Заложнікаў] выводзілі па тры, па чатыры чалавекі, знясіленых, паўжывых, некаторых зусім непрытомных ад голаду, ад катаванняў. Лынькоў. // Які страціў сілы, аслабеў ад якіх‑н. перажыванняў. Паўжывы ад страху.
паўз, прыназ. з В.
Спалучэнне з прыназоўнікам «паўз» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назвах месц, прадметаў, уздоўж якіх або непадалёку ад якіх што‑н. размяшчаецца ці рухаецца. Некалькі разоў удзень перагонамі ішоў дождж, і мокрыя аўсы гнуліся да зямлі паўз гасцінец. Чорны. Паўз чыгунку цягнуўся лес. Гаўрылкін. Наш маршрут ляжаў паўз Оршу. Гроднеў. Паўз нас паплавамі ляжала сенажаць. Скрыган.
па́ўза, ‑ы, ж.
1. Кароткі перапынак у гучанні чаго‑н. [Насця:] — Каб вы ведалі, як цудоўна жыць і змагацца... Змагацца і, — яна зрабіла паўзу, а потым шэптам выдыхнула: — кахаць... Шамякін. — Нічога, хадзіў нагамі, пазіраў вачамі, слухаў вушамі, — з горкай іроніяй загаварыў Саўка. Войт і яго прыяцелі клюнулі насамі і прыгнулі галовы. Невялікая, няёмкая паўза, некаторае замяшанне. Колас.
2. Перапынак у якім‑н. дзеянні, занятку, працэсе. Раней Ганін дзень меў нейкія незапоўненыя паўзы, пустыя часіны. Грамовіч.
3. Спец. Перапынак у гучанні музычнага твора або якой-небудзь яго часткі. // Значок для абазначэння гэтага перапынку ў нотах.
4. Спец. Пропуск ненаціскнога складу ў вершы, пераважна ў трохдольным.
[Грэч. páusis — прыпынак.]
паўзабы́ты, ‑ая, ‑ае.
Амаль забыты. [Аляксей] спрабаваў адагнаць.. [думкі], расказваў сам сабе паўзабытыя вершы, хаваў галаву пад падушку, але нішто не дапамагала. Мележ. Усё, што было раней, для мяне стала нейкім прыемным паўзабытым сном. Ракітны.