Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пачха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Чхаць некаторы час.

пачці́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць пачцівага. [Ганя], мабыць, вялікі начальнік, калі дырэктар яе слухае з такой пачцівасцю. Грамовіч. // Пачцівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. [Яраш] бадай пакутаваў, калі бачыў, што маладыя ўрачы баяцца яго і праяўляюць залішнюю пачцівасць, быццам ён сапраўды сівагаловы прафесар, сусветнае свяціла. Шамякін.

пачці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Паважны, шаноўны, паважаны, добразычлівы. Сцяпана ведалі ўсе як пачцівага і даволі памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Які выказвае павагу, пашану да каго‑н. Сцяпанаў прывітаў .. [жанчыну] пачцівым паклонам. Васілевіч. У пачцівым маўчанні мы праслухалі мелодыю, што адбівалі званы. Краўчанка.

2. перан. Разм. Значны (аб адлегласці, памеры і пад.). Студэнты малодшых курсаў, якія ў час лекцый прыходзілі сюды на фізпрактыку, з пачцівай адлегласці разглядаючы пакуль што незразумелую ім канструкцыю, заўважалі, як яна з кожным днём змяняецца. Шахавец. Стоячы на даволі пачцівай адлегласці ад [дзяўчыны],.. я сціпла адказаў: — Дырэктар нам і загадаў, каб мы ўночы не адпусцілі дзяўчат адных, абавязкова праводзілі да самага дому. Дубоўка.

пачыкільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пайсці пакульгваючы. Моцна грукаючы мыліцамі, Аляксей пачыкільгаў назад у палату. Карпаў.

пачыкіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Разм. Тое, што і пачыкільгаць. Смірын падставіў плячо, і яны ўдвух пачыкілялі да шашы. Алешка. Вартаўнік, стары, кульгавы, апрануты ў чорную бурку з башлыком, .. пачыкіляў дамоў. Дайліда.

пачы́м, прысл.

Разм.

1. пытальнае. Колькі каштуе? Па якой цане? — Вам нічога Вольга не казала? — звярнуўся дзядзька да Марыны Сцяпанаўны. — Пачым яна тварог прадала? Корбан.

2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова ў даданым дапаўняльным сказе; адпавядае словам: «за якую цану», «колькі каштуе». Ён спытаў, пачым кілаграм сліў.

•••

Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.

пачы́н, ‑у, м.

1. Пачатая кім‑н., па чыёй‑н. ініцыятыве справа; пачынанне. Падтрымаць пачын наватараў. Патрыятычны пачын. □ Пачын брыгад камуністычнай працы — Вось ён — наступных дзён жывы пралог! Звонак.

2. Разм. Пачатак чаго‑н., якой‑н. справы. [Грабок:] — Глянь, колькі! Падахвоцілі і мяне на пачын за рыдлёўку ўзяцца. Краўчанка. Каля касы, як сталы, Грошы двойчы злічыў І падумаў: «Нямала, Хоць і першы пачын!» Матэвушаў.

пачы́нак, ‑нка, м.

Пража, наматаная на верацяно або знятая з верацяна.

пачына́льнік, ‑а, м.

1. Той, хто пачынае што‑н.; заснавальнік. Чалавек энцыклапедычнага складу, беларускі асветнік [Францыск Скарына] не толькі пачынальнік кнігадрукавання на ўсходнеславянскіх землях, але і доктар лекарскіх і свабодных навук — мовазнаўца, батанік і медык. С. Александровіч. Асабліва высока цаніў Купала дзейнасць Ігната Буйніцкага, аднаго з пачынальнікаў нацыянальнага тэатра. Ярош.

2. Той, хто пачынае спяваць валачобную песню.

пачына́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да пачынальнік.