Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасві́стванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасвістваць.

пасві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Час ад часу, паціху свістаць. Звычайна Папас прыходзіў першы і пасвістваў, чакаючы бацькі. Колас. На чорным спічастым дамку, што вісеў на старым клёне, пасвістваў шпак. Савіцкі.

па́свіцца, пасецца і пасвіцца; незак.

Быць, карміцца на пашы (пра жывёлу, птушку). На скошаным лузе, недалёка ад дубоў, пасвіліся статкі. Там і сям сядзелі пастушкі. Колас. Па ўсім палетку пасвіліся коні. Але яны ўжо здаволіліся добрай пашай і ляніва грызлі канюшыну. Чарнышэвіч. Астатнія [гусі], закрычаўшы, .. кінуліся ў сад, дзе пасвіўся ўвесь статак. Шамякін.

па́свіць, пасу, пасеш, пасе; пасём, пасяце, пасуць і пасу, пасвіш, пасвіць; пасвім, пасвіце; пр. пасвіў, ‑віла; заг. пасі; незак., каго-што.

Наглядаць за жывёлай, птушкай у час знаходжання яе на пашы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. — Эге! — круціў стары Юрка сівой галавой, — а я, нябогі, яшчэ сам, як быў маладым хлопцам, пасвіў быдла пад Дубамі. Колас. // Выпускаць (жывёлу, птушку) на пашу, на падножны корм. Рыгор вядзе каня ў Паўлюкову віку, а Паўлюк у гэты ж час пасвіць кабылу ў Рыгоравай канюшыне. Казека. У зарасніку пачалі [суседзі] пасвіць сваіх коней ды цялят, куды ганялі іх з вёскі. Галавач.

•••

Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.

Спаць і курэй пасвіць гл. спаць.

пасвяжэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пасвяжэў, стаў свежым. [Паводка] шумела не так сабе: яна змывала з лугоў і далін увесь леташні бруд, каб на іх, чыстых і пасвяжэлых, зацвіла лотаць, прабілася новая, да болю ў вачах зялёная трава... Кірэенка. Назаўтра Рыгор, хоць спаў і мала, адчуў сябе пасвяжэлым. Арабей.

пасвяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Стаць халаднейшым (пра вецер, паветра). Ноч ціхая, ледзь-ледзь павявае вецер. Цёплы з вечара, ён цяпер крыху пасвяжэў. С. Александровіч. // безас. Пахаладнець (пра надвор’е). Нарэшце прайшоў невялікі дожджык і вось толькі цяпер, пад вечар, крыху пасвяжэла. В. Вольскі.

2. Стаць больш яркім, свежым. На схілах дарогі раслі рамонкі, чырвоныя пеўнікі, львіны зеў. Здаецца, і яны пачалі ажываць, пасвяжэлі ад прахалоды. Арабей. Бач, нават ягады на рабіне, што расла ў двары, зрабіліся больш чырвоныя, пасвяжэлі. Ермаловіч. // Стаць больш бадзёрым, здаравейшым, прыгажэйшым. Байцы пасвяжэлі, павесялелі пасля сну, дарма што адпачынак іх быў вельмі кароткі. Кулакоўскі. [Сынклета] пасвяжэла, паяснела — не толькі стала маладзей за сваіх пяцьдзесят гадоў, а хоць карціну пішы з яе. Гроднеў.

пасвянці́ць, ‑свянчу, ‑свенціш, ‑свенціць; зак., каго-што.

Тое, што і пасвяціць ​2 (у 1 знач.). — Хлопчык мой памёр... Ну, як жа без бацюшкі... Хоць зямліцу пасвянціць. Чарот.

пасвяткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Святкаваць некаторы час. На Новы год пасвяткаваць У горад завітала елка. Танк.

пасвятле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць светлым, святлейшым. Ужо віднела, і ўсходняя частка неба пасвятлела. Дуброўскі. Твары неяк пасвятлелі, палагаднелі, невялічкі калектыў як бы зліўся ў адно цэлае, жыў цяпер агульным парывам. Хадкевіч. / у безас. ужыв. На вуліцы пасвятлела, хоць ужо надыходзіў вечар. Колас.

пасвяці́цца, ‑свячуся, ‑свецішся, ‑свеціцца; зак., у каго.

Уст. Прыняць цасвячэнне ў які‑н. сан, у якое‑н. званне.