Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

панакіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. чаго. Накідаць многа чаго‑н. Адкінуўшы ботам лупіну, Міша вылаяўся: — От жа разява нейкая! Куды панакідала — проста пад ногі! Карпюк. Бакі .. [ямы] пааб’язджалі, абсунуліся; на дно, дзе блішчыць каламутная, зеленаватая лужына вады, дзеці панакідалі палак, драных чаравікаў, галёшаў... Сачанка.

2. што. Накінуць, уздзець адно за другім усё, многае.

панакі́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Тое, што і панакідаць.

панаклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Накласці на што‑н. або куды‑н. вялікую колькасць чаго‑н. Панакладаць дроў на машыны. □ Панакладалі вазы [сена] — ладныя, шырокія — і пакуль паўціскалі ды абхарошвалі, і ноч надышла. Скрыган.

2. Аблажыць каго‑н. вялікай колькасцю якіх‑н. падаткаў або аблажыць якімі‑н. падаткамі ўсіх, многіх. [Ганна Кухарава:] Усе багатыры злуюць .. Нібыта гэта праз вас і развёрсткі панакладалі больш на іх. Крапіва.

3. Накласці, раскласці што‑н. у многіх месцах. Боганчык засіпеў, гледзячы на дарогу ў туман: — На-шы... І агнёў панакладалі, чакаючы... Пташнікаў.

панакла́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Тое, што і панакладаць.

панакле́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Наклеіць што‑н. у розных месцах, наклеіць многа чаго‑н. Панаклейваць маркі. □ У чырвоным кутку.. [Яндшак] вывесіў свежы «баявы лісток» і панаклейваў шмат плакатаў. Дайліда.

панако́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

1. Накалоць многа чаго‑н. Панаколваць дроў.

2. Пракалоць у многіх месцах. Панаколваць слівы для варэння.

3. Насадзіць на што‑н. вострае ўсё, многае або ўсіх, многіх. Панаколваць матылёў на шпількі.

панако́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Накапаць вялікую колькасць. Панакопваць ям. Панакопваць бульбы.

панако́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Накаціць (у 1, 2 знач.) чаго‑н. у вялікай колькасці. Панакочваць бярвення.

панако́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Накасіць чаго‑н. у дастатковай або вялікай колькасці. [Верамейчык:] — Чаго вам баяцца зімы? Сеча панакошвалі... Крапіва.

панакру́чвацца, ‑аецца; зак.

Разм. Накруціцца, наматацца на што‑н. у вялікай колькасці.