пазадагаво́рны, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца без дагавору.
паза́ддзе, ‑ддзя, зб., н.
1. Адходы, астаткі пры малацьбе або веянні. На таку.. звонка ўрассыпную скачуць зярняты, асядае мякіна, ападае пазаддзе. Арочка.
2. перан. Пагард. Прыхільнікі, паслугачы; астаткі варожай арганізацыі, групоўкі. Эмігранцкае пазаддзе.
паза́дзе, прысл.
Абл. Ззаду. Тут у гутарку ўступіла дзяўчына, што сядзела пазадзе. Мурашка. Мы ішлі пазадзе з камандзірам засады. Лынькоў.
пазадзіра́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Падняцца, задрацца ўгору — пра ўсё, многае. Пазадзіраліся наскі ў ботах. Пазадзіралася скура на пальцах. □ На даху гонта сатлела, сям-там пазадзіралася. Навуменка.
2. Разм. Загаліцца — пра ўсіх, многіх.
пазадзіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Падняць угору ўсё, многае. Пазадзіраць аглоблі ўверх. Пазадзіраць вышэй галовы. □ Пазадзіралі дзюбы ў неба Асілкі-краны, як буслы. Броўка. // Загнуць, задраць уверх усё, многае. Пазадзіраць пазногці.
2. Забіць, разарваць усіх, многіх. Хацеў [Рыгор] ускінуць на плечы кажух, выйсці на двор ды паглядзець, каб хоць не падкапаліся [ваўкі] пад хлеў ды не пазадзіралі авечак. Сабаленка.
паза́дкі, ‑аў; адз. няма.
Адходы, астаткі пры малацьбе або веянні. Бабка насыпала ў маленькі мяшэчак, пашыты з старога рукава, крыху ячменных пазадкаў і прынесла ўнуку. Кулакоўскі.
пазаду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Задушыць усіх, многіх.
пазадыха́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Задыхнуцца — пра ўсіх, многіх.
пазае́зджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Заездзіць, знясіліць яздой усіх, многіх. Пазаезджваць коней.
пазаеўрапе́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца за межамі Еўропы. Пазаеўрапейскія краіны.