нарассыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Рассыпаць, раскідаць у многіх месцах. Нарассыпаць зярнят. □ Мінула ноч, і сонца ўстала, На ясны выйшла небакрай, Пялёсткаў скрозь нарассыпала. Глебка. Федзю раптам кінулася ў вочы, што на пажоўклай траве .. валяецца шмат каменняў, як быццам хто іх знарок нарассыпаў тут. Ваданосаў.
на́раст, ‑а, М ‑сце, м. і на́расць, ‑і, ж.
1. Ненармальнае патаўшчэнне на якой‑н. частцы арганізма. Мазольныя нарасты на руках. Нарасты на галінах дрэва. □ [Юдзін] не ведаў, што гэта лішай такі, нездаровая нарасць — лес жа таксама хварэе. Масарэнка.
2. Пукатасць на галаве, каля носа і вачэй у некаторых жывёл, рыб і птушак. Нараст на галаве ў гусей.
3. Тое, што наогул нарасло дзе‑н., на чым‑н. Нараст смалы на дрэве. Нараст шлаку. □ Ад цяпла іх [вербы] адгароджвалі не толькі шыбы, але і тоўсты пласт інею на іх з лёдавымі нарастамі і глыбокімі шчылінамі па краях, каля рам. Шамякін. // перан. Аб нездаровых з’явах у грамадскім жыцці. Нарасты дробнабуржуазнай псіхалогіі.
нарастава́ць, ‑стае; безас. зак.
Растаць у вялікай колькасці. Нараставала многа снегу.
нараста́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. нарастаць.
нараста́ць, ‑ае; незак.
1. Незак. да нарасці.
2. Павялічвацца ў памерах. Ад наносаў пяску нарастае бераг рэчкі.
3. Павялічвацца па сіле, узрастаць. Шум цягніка набліжаўся, нарастаў, ён пераходзіў у грукат. Лынькоў. Сцяпан адчуў, як у яго зноў нарастае гнеў. Асіпенка.
нараста́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад нарастаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які робіцца мацнейшым, гучнейшым. Нарастаючыя гукі. □ Кроў пульсавала выразней, з нарастаючымі ўдарамі. М. Ткачоў.
3. Дзеепрысл. незак. ад нарастаць.
нарасто́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Растачыць у вялікай колькасці. Нарасточваць дэталей.
нарастраса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
1. Растрэсці, раскідаць у многіх месцах. Нарастрасаць гною.
2. Разбурыць вялікую колькасць чаго‑н. Ураган нарастрасаў будынкаў.
3. Згубіць на траскай дарозе многа чаго‑н. Нарастрасаць сена па дарозе.
нарастрэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Тое, што і нарастрасаць.
нарасхва́т, прысл.
Стараючыся перахапіць у іншых, схапіць раней. Рабочую сілу бралі, як і заўсёды ў гэты час, нарасхват. Чорны. Зімой парабак адвозіў .. [дровы] у Глыбокае на рынак і прадаваў за добрую цану. Сухія бярозавыя плашкі .. куплялі нарасхват. Машара. // у знач. вык. Мець вялікую папулярнасць, попыт. Музыканты — нарасхват. □ — Паеду, дзядуля, у Гомель. Там, кажуць, нашы малюнкі нарасхват. Якімовіч.