пастанаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., з інф.
1. Прыняць пастанову; вырашыць. Дзеду Талашу пастанавілі выдаць чырвонаармейскую стрэльбу і быць за правадніка на разведцы. Колас. — Не даць [фашыстам] вывозіць хлеб! — пастанавіў падпольны бальшавікі камітэт. Лынькоў. Параіліся мужчыны, пагаманілі і пастанавілі: аддаць гэтых дзяцей Тарасу пад апеку. Нікановіч.
2. Вызначыць. Ды якія ж чыншы? Якія ўздумаецца пастанавіць чыноўнікам ды судовым крывапійцам, ды яшчэ з кожным годам усё большыя ды большыя. Якімовіч.
пастанаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да пастанаўляць.
пастанаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да пастанавіць.
пастано́ва, ‑ы, ж.
1. Калектыўнае рашэнне. Пастанова камсамольскага сходу. Пастанова педсавета. // Тое, што абдумана і вырашана кім‑н. Затрымцела Ганна, пачуўшы рашучую пастанову Петруся, да горла падкацілася нешта, слёзы самі сабою... Нікановіч.
2. Распараджэнне дзяржаўнай установы. Пастанова Савета Міністраў. Пастанова суда.
пастано́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пастаноўкі (у 3 знач.). Пастановачныя сродкі оперы. Пастановачны план. // Разм. і спец. Прыгодны для пастаноўкі, эфектны ў пастаноўцы. Пастановачны балет.
пастано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паставіць 1.
2. Арганізацыя чаго‑н. Пастаноўка політэхнічнага навучання. Пастаноўка музычнай адукацыі ў школах.
3. Р мн. ‑новак. Спектакль, інсцэніроўка. Афішы тэатра імя Якуба Коласа паведамлялі аб пастаноўцы камедыі В. Вольскага «Несцерка». «Полымя». — Адкуль бяжыш? — абыякава пытае.. [бацька]. У голасе адчуваюцца ноткі халоднасці. — З Альхоўкі, — адказвае Наталька, — там пастаноўка была. Кулакоўскі.
4. Становішча якой‑н. часткі цела, твару; манера трымаць якую‑н. частку цела. Правільная пастаноўка ног.
пастано́ўшчык, ‑а, м.
Той, хто ажыццяўляе пастаноўку спектакля або фільма; рэжысёр. Пастаноўшчык [«Гамлета»] зрабіў захады, каб усё, што сказаў драматург, было належным чынам падкрэслена, а галоўнае — не забыта. Лужанін.
пастападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на пасту, з уласцівасцямі пасты. Пастападобная фарба.
па́стар, ‑а, м.
Пратэстанцкі свяшчэннік. Духоўны пастар.
[Ад ням. Pastor.]