папхну́ць, ‑пхну, ‑пхнеш, ‑пхне; ‑пхнём, ‑пхняце; зак., каго-што.
Разм. Пхнуць, штурхнуць. Праходзячы каля палоннага, Крыстэль абавязкова старалася зачапіць яго, папхнуць худою загарэлай ручкай ці тузануць за мундзір і адбегчыся, нібы просячы: «Ану, дагані!» Брыль.
папылі́ць, ‑пылю, ‑пыліш, ‑пыліць; зак.
Разм. Пайсці, паехаць, узнімаючы пыл. Шафёр махнуў на развітанне рукой, і «Масквіч» папыліў далей па дарозе ў горад. Курто. Санька не даслухаў, таропка крутнуўся на месцы і шпарка, ледзьве не подбегам, папыліў назад у вёску. Савіцкі.
папы́рскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Папырскаць сябе чым‑н. Папырскацца духамі.
2. Пырскацца некаторы час.
папы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што і без дап. Злёгку апырскаць, пакрыць пырскамі. Папырскаць кветкі вадой. □ Калі Мірон скончыў стрыгчы, я заўважыў, што ён зрабіўся нейкім змрочным. Нават не папырскаў адэкалонам і забыў узяць грошы. Нядзведскі.
2. Пырскаць некаторы час. Дождж папырскаў крыху і сціх.
папы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым і без дап.
Пырскаць злёгку, час ад часу. Пакуль на кухні папырсквала смажаніна ды рэзаліся агуркі, Баляслаў не ведаў, што гаварыць. «ЛіМ».
папы́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пырхаць некаторы час.
папы́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Пырхаць паціху, час ад часу. Коні ішлі шпарка і трывожна: часта натапырвалі вушы, папырхвалі. Кулакоўскі.
папыта́нне, ‑я, н.
Разм. Дазвол. Неяк так павялося з першых дзён, што.. кожны мог карыстацца тым, што мелася ў доме без папытання. Якімовіч. Нявестку.. [свякроў] лічыла за сваю ўласнасць і трываць не магла, калі тая хадзіла без яе ведама, без папытання. Мурашка.
папыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н. — Калі не памыляюся, Сцяпан Захаравіч Белавус? — няўпэўнена папытаўся я. Гурскі. Вэня.. запрасіў Любу сесці,.. папытаўся, як здароўе, пагаварыў. Чорны.
2. Папрасіць дазволу на што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Камісара да іхняга ганку Мы прынеслі на ранку. Для яго папытаўся вады я, — У нас яна выйшла. Куляшоў.
папыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н.; задаць пытанне. — Хазарычы адсюль далёка? — дастаўшы з планшэткі і разгарнуўшы на стале палявую карту, папытаў камендант. Сабаленка. Раптам Пятрок падумаў: «А от вазьму ды папытаю, што .. [Сальвэсь] тут робіць. Папытаю і паеду зараз жа». Чорны.