пасо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пасунуцца (у 1, 3 знач.).
2. Перамяшчацца паціху ў якім‑н. напрамку; паволі рухацца. Павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся стары зубр да ручая, абрываючы па дарозе маладыя парасткі з дрэў. В. Вольскі. І па меры таго, як усё далей на захад адступаў фронт, услед за ім пасоўваўся і шпіталь. Васілевіч. Павольна наша фурманка пасоўвалася наперад, парушаючы цішыню наваколля. М. Ткачоў.
3. Зал. да пасоўваць.
пасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Незак. да пасунуць (у 1, 2 знач.).
2. Соваць туды-сюды. Тады Рыбак пачаў злёгку пасоўваць авечку на плячах: пакуль адно несла, другое адпачывала — так было зручней. Быкаў.
пасо́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Соўгацца некаторы час. Чырванашчокі пасоўваўся, потым прыўзняўся, пакратаў Каваля за рукаў. Савіцкі.
пасо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасаваць 2 і пасавацца.
пасо́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зрабіўся, стаў сухім, страціўшы вільгаць. // Які перасох (пра вусны). Пасохлыя ад смагі губы.
2. Які завяў, засох ад неспрыяльных умоў. На шмат кіламетраў цягнуліся бязводныя, высушаныя гарачым ліпеньскім сонцам палі — іржышча з невялікімі сціртамі, пасохлая белая кукуруза... Шамякін. Навалілася хмара дымная, Цёмная, неабдымная.. Маці глянула, ціха вохнула: — Ажывуць мае грады пасохлыя! Панчанка.
пасо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пасох, ‑ла; зак.
1. Зрабіцца, стаць сухім, страціўшы вільгаць; высахнуць. Бялізна пасохла. □ — Снедай, — сказала .. [Вілю] маці, — а то аладкі ў печы зусім пасохнуць. Чарнышэвіч. Дзе ўшчэнт пасохла Зямля без жывых расін, Засмягла і стала [в]охрай Лісце лясных раслін. Калачынскі. Усцяж вады лужок быў стаптаны скацінай, людзьмі, птушкамі, пабурэў за лета, пасох. Карамазаў. // Перасохнуць (пра вусны). Твар рэдактара быў памяты, пад вокам сіняк, губы пасохлі. Гурскі. // Выпарыцца, знікнуць (пра вадкасць). Лужыны пасохлі. □ Ён [амерыканскі салдат] цешыцца! Кладзе свой брудны след На той зямлі, дзе не пасохла кроў яшчэ. Панчанка.
2. Звянуць, засохнуць ад неспрыяльных умоў — пра ўсё, многае. Дваццаць пяць дзён дажджу не было, Дваццаць пяць дзён не было расы, Дваццаць пяць дзён панаваў спалох: Жыта пасохла, згарэлі аўсы. Хведаровіч. Навалам ляжала вялікае каменне. Яго панакідана так густа, што багата якія дрэўцы, заціснутыя паміж імі, пасохлі. М. Стральцоў.
3. Разм. Схуднець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.
4. Сохнуць некаторы час.
пасо́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Сачыць патроху або час ад часу.
паспабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Спаборнічаць некаторы час. — Ну што, піянерыя, паспаборнічаем? Рунец.
паспавіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Спавіць усіх, многіх (гл. спавіць у 1 знач.). Паспавіваць немаўлятак.
паспавяда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пабыць на споведзі; пакаяцца ў грахах. Захацеў [Грыцкевіч] перад смерцю паспавядацца, і суседзі паклікалі Радзішэўскага. «Звязда».
2. перан. Разм. Расказаць шчыра пра што‑н.; прызнацца, пакаяцца ў чым‑н. Але адных дакораў было мала: адчувалася патрэба паспавядацца перад кім-небудзь, прызнацца ў сваім бязволлі і блазенстве. Колас. Цягне за язык. Мусіць, так устроены чалавек: не можа, каб не паспавядацца. Пташнікаў.