Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паршы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы; Р мн. ‑шывак; ж.

Разм. Жан. да паршывец.

парыба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Рыбачыць некаторы час. — Паехалі парыбачым, хочаш? — сказаў [Васіль Кузьміч] Алёшу. Лобан.

парыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парываць.

2. Імкненне да чаго‑н., жаданне, намер што‑н. зрабіць. Сцёпка ў няясным парыванні яшчэ неразгорнутых маладых крыл[аў] адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас. У гэтым новым пачуцці былі тая ж удзячнасць і тыя ж парыванні, не менш пяшчоты, чым раней, але з’явілася нейкая дзіўная адказнасць. Шамякін.

3. Тое, што і парыў (у 2 знач.). Пад парываннямі ветру дрэвы шумяць панура, ківаюцца і ківаюцца, наганяючы беспрытульнасць. Пестрак.

парыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Імкнуцца, намервацца што‑н. зрабіць. Палашка пазірае на Панаса і хвалюецца, парываецца нешта сказаць і не зусім яшчэ адважылася, каб гаварыць. Галавач. Не раз парываліся Антон з Іванам кінуць вучобу зусім і дапамагаць сястры ў гаспадарцы. Місько. Стары Міклюта двойчы парываўся схапіцца з Міхалам, але Міхал адбягаў, выкручваўся. Сіняўскі.

2. Зал. да парываць (у 1 знач.).

парыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Незак. да парваць (у 5 знач.).

2. Настойліва вабіць, заманьваць куды‑н. З якой незвычайнай сілай парываюць .. [старасвецкія шляхі Беларусі] да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Колас. / у безас. ужыв. Паходню парывала неадкладна зайсці да Кудзіных — хоць бы яны дазналіся пра яго прыезд. Хадкевіч. // Узрушаць, хваляваць. І ўстануць з’явы, як жывыя, Малюнкі сэрцу дарагія, І моцна душу парываюць. Колас. Праз колькі дзесяткаў год ужо гучалі .. [словы Купалы], узрушалі, парывалі не адно сэрца. Ліс.

пары́вістасць, ‑і, ж.

Уласцівасць парывістага. Парывістасць характару.

пары́вісты, ‑ая, ‑ае.

1. Нераўнамерны, няроўны, з раптоўнымі парывамі. Парывісты дождж то сек з усіх бакоў, то сціхаў. Няхай. І на прыжмураныя вейкі, Нібы дрыготкую расу, Парывістым світальным ветрам Я зоркі ўсе твае страсу. Бураўкін.

2. Рэзкі, імклівы. Якімка робіць парывісты рух, каб вырвацца з багны, але яна не адпускае яго... Курто. // Нераўнамерны, які час ад часу ўзмацняецца або слабне. Кожны з трох адчуваў парывістае дыханне другога. Білі здавалася, што сэрца яго вось-вось выскачыць з грудзей. Лынькоў.

3. Які лёгка захапляецца; няўрымслівы. І ўсё ж натура .. [Пётры Сергіевіча], заўсёды сквапная да ўражанняў, парывістая, памкнулася ўслед. Ліс. [Лёля] стаяла разгубленая, нібы прырасла да долу, і трывожна глядзела.. [Слаўку] ўслед. Чаго ён сёння нейкі не такі, як заўсёды: узрушаны, парывісты, разкаваты?.. Новікаў.

парыда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Рыдаць некаторы час.

парыжэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які парыжэў. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою. Колас. З канторы выйшаў Паходня. Быў ён у тым жа шэрым гарнітуры, як і на сходзе ў Старыцы, у руцэ трымаў палявую сумку, парыжэлую ад сонца і дажджоў. Хадкевіч.

парыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Стаць рыжым, рыжэйшым. Чырвоныя ягады шыпшыны тырчалі на голых, сухіх галінках, парыжэў верас. «Беларусь».