пасмакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.
1. што. Папрабаваць на смак, пакаштаваць. Потым.. [Апанас] узяў лыжку, пасмакаваў боршч. Савіцкі. Людзі пасмакуюць тое пойла, ды шусь міску пад плот. С. Александровіч. // Са смакам з’есці што‑н. Добра было спакваля, не спяшаючыся, пасмакаваць тую лусту. Даніленка.
2. Смакаваць некаторы час. Паверыў Вэня ці не, Сашка не цікавіўся дазнацца, яму важна было пасмакаваць рамантычныя дэталі падзей. Чорны.
пасмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што.
1. Сасмактаць, высмактаць усё, многае.
2. і без дап. Смактаць некаторы час. Любіць Сцяпан пасядзець на прызбе, пасмактаць люльку ды напляваць у пясок перад прызбай. Крапіва. «Во, — думаў дзед, ідучы на панскую кухню, — пап’ю чаю з заваркай ды пасмакчу салодкага цукру». Рамановіч.
пасма́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пасмаліць 1.
пасмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.
1. Абпальваючы агнём, знішчыць поўсць, шчацінне і пад.; апаліць, асмаліць. Пасмаліць курыцу.
2. Асмаліць усё, многае або ўсіх, многіх.
3. і без дап. Смаліць, курыць некаторы час. [Сяргей:] А мужыкі збяруцца да каго-небудзь у хату вечарам, пашэпчуцца.. пасмаляць самасадам і зноў у свае норы. Машара.
4. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апячы. Пасмаліць пальцы.
пасмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак., што.
Пакрыць смалой паверхню чаго‑н.; прасмаліць. Стары Банэдык згадзіўся даць ім [хлопчыкам] човен, нават заканапаціў яго і пасмаліў. Чарнышэвіч.
пасмалі́ць 3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.
Разм. Хутка пайсці, пабегчы куды‑н. [Стралец:] — Ну, яны [козы] і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Якімовіч.
пасмачне́ць, ‑ее; зак.
Разм. Стаць смачным, смачнейшым.
пасме́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Час ад часу, злёгку смяяцца. Збяруцца мужчыны — хто розныя смешныя штукі расказвае, на смех другога падымае, а Міходзя сядзіць сабе збоку, як чужы, слухае ды пасмейваецца. Ракітны. // з каго-чаго. Пакепліваць, насміхацца з каго‑, чаго‑н. Пан Вальвацкі лагодна пасмейваўся з Швэнцаравай ламанай гаворкі і з яго энтузіязму. Крапіва. У атрадзе .. было некалькі «храпуноў», з якіх заўсёды пасмейваліся і з якімі ніхто не хацеў разам жыць. Бураўкін.
•••
Пасмейвацца ў вусы — смяяцца ціха, непрыкметна.
пасме́ць, ‑смею, ‑смееш, ‑смее.
Зак. да смець.
пасме́шышча, ‑а, м.
1. Той, з каго (тое, з чаго) смяюцца, кпяць; прадмет насмешак, кпінаў. — Пасмешышча ці дурня з мяне зрабілі, — злосна сказаў .. [Вова] маці. — Разумнікі! Марціновіч. Прыйшлося браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках, і каб не быць пасмешышчам у Ясенях, выбірацца на хутар. Арочка.
2. Здзек, здзекаванне. [Маці:] — Кісні, кісні, ён [Антось] табе нос утрэ і паедзе, а ты на пасмешышча людзям застанешся. Васілевіч.
•••
Выставіць на пасмешышча гл. вымавіць.
пасміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Тое, што і пасмейвацца. Дзед Талаш задаволена пасміхаецца: яго ваякі ведаюць службу. Колас. [Вера] пачала па-руску, паспрабавала па-нямецку, а італьянец стаяў і пасміхаўся сваім вялікім ротам з роўнымі белымі зубамі. Мікуліч. Ну а мяне Празвалі ўсе «паэтам» І пасміхаліся, Нібыта з дзівака. Хведаровіч.
пасмі́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Тое, што і пасмейвацца. [Віктар] абапёрся плячамі аб плоцік агарода, лузаў гарбузікі і пасміхваўся. Лобан.