Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паску́бці, ‑скубу, ‑скубеш, ‑скубе; ‑скубём, ‑скубяце; зак., каго-што.

1. Саскубці ўсё, многае.

2. перан. Нанесці ўрон, шкоду. — То гэта І вас палякі паскублі, калі мы чалавека ратавалі і хацелі стрэльбу ў паляка адабраць? Чорны.

3. і без дап. Скубці некаторы час. — Адпражы [каня], няхай трошкі паскубе на мяжы. Якімовіч.

паскуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Скуголіць некаторы час.

паску́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, м. і ж.

Разм. лаянк. Брыдкі, агідны, несумленны чалавек. Ну кінуў бы зладзейства, жыў як людзі, Дык паспрабуй жа, давядзі паскудзе! Валасевіч.

паску́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

Разм. груб.

1. Рабіцца дрэнным, запэцканым; псавацца.

2. Зал. да паскудзіць (у 2 знач.).

паску́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Разм. груб.

1. Пакідаць пасля сябе бруд; гадзіць. Добрая птушка ў сваё гняздо не паскудзіць. Прыказка.

2. што. Брудзіць, пэцкаць; псаваць. Гусі топчуць і паскудзяць густую, сакаўную траву. Сачанка. — Гэта што? Сцены паскудзіць? Казённае памяшканне псаваць? Ці мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць... Лынькоў.

3. перан. Рабіць гадасці, шкодзіць. Верыць людзям — закон нашага жыцця. А нелюдзю, ашуканцу не абавязкова верыць. Яго трэба браць за шкірку адразу, як толькі ён пачне паскудзіць. «Вожык». // Няславіць, ганьбіць, чарніць. Паршывая аўца ўвесь статак паскудзіць. Прыказка.

паску́дна,

1. Прысл. да паскудны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Агідна, брыдка. Веры ад гэтага не палягчэла. На душы было паскудна. Асіпенка.

паску́днік, ‑а, м.

Разм. груб. Той, хто робіць гадасці, паскудства. — Як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары. Караткевіч. — А зараз, выходзіць, я вінаватая, што той паскуднік, бацька маёй дарагой дачушкі, гэтак зганьбіў усё і ўцёк, як шкодны кот. Радкевіч. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Ладымер:] — Што ты робіш, паскуднік! Лом у садзе ты пазбіраў? Чорны.

паску́дніца, ‑ы, ж.

Разм. груб. Жан. да паскуднік.

паску́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. груб.

1. Брыдкі, агідны. — Канвойнікі падганяюць нас, пакрыкваюць ды такімі паскуднымі словамі лаюцца, што і слухаць моташна. Колас. // Дрэнны, гадкі. Дровы былі тады, і паскудныя ж — хоць ты сам заместа іх у топку лажыся. Лынькоў. [Дзед Бадыль:] Лагчына там, ды такая ж паскудная! Што ні ступіш, дык навылёт і навылёт. Крапіва.

2. Лаянк. Несумленны, непрыстойны, благі; які любіць рабіць шкоду, подласць. Паскудны чалавек заўсёды пакажа сябе, тут нечаму асабліва здзіўляцца. Лынькоў. [Саўка:] — Я, Цімох, не буду апраўдвацца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фальшывым партызанам. Колас.

паску́дства, ‑а, н.

Разм. груб.

1. Бруд, нечыстоты. [Жывіцкі:] — Ты гатоў усякае паскудства далонямі мясіць. Не ідзеш ты ў вялікую добрую работу, а ўсё нюхаеш, рыбку ловіш... Чорны. // Пра каго‑н. дрэннага, пра што‑н. дрэннае, непрыстойнае. [Раман] памятаў, што Мікіта Бычок, гэтае паскудства, абібок і злодзей, лез да яго цалавацца. Чарнышэвіч. Лабановіч пазірае на рысунак, і па губах прабягае іранічная ўсмешка. Потым ён хапае газетку і шпурляе кудысь у куток. — Паскудства! — гаворыць сам сабе. Колас. [Гунава:] — Ён мне гаворыць рознае паскудства і спадзяецца на прыдворнае з ім абыходжанне... Самуйлёнак.

2. Дрэнны, агідны ўчынак. — Бі, яго, хлопцы, каб не рабіў паскудства людзям! Галавач. [Бацька:] Усё роўна не дагледзіш, калі зноў захоча якое паскудства зрабіць. Губарэвіч.