Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасіві́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пасівіраваць.

пасіві́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Падвергнуць (падвяргаць) пасівіраванню.

пасігна́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Падаць сігнал. — Каля Дземідовічавай хаты пасігналь! — крыкнуў адзін з трактарыстаў Алёшу. Лобан. Бывае, сядзіць на дарозе верабей, дык Ганна Лявонаўна абавязкова яму пасігналіць: ту-ту-ту-ту! Корбан.

пасілкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

Тое, што і падсілкавацца. Стары сядзеў на прызбе ў кажусе і пасмоктваў сваю піпку, якой ён ніколі не выпускаў з рота, хіба толькі тады, калі садзіўся за стол пасілкавацца або калі спаў. Колас. Да плота, дзе ён [Паўлік] стаяў, падышло чатыры мужчыны, з торбачкамі, у лапцях... — Вось тут прысядзем і пасілкуемся, — кажа адзін. Сташэўскі.

пасі́льны, ‑ая, ‑ае.

Адпаведны з сіламі, магчымасцямі. І ўжо з маленства яны браліся за пасільную працу, каб не быць дармаедамі, як часта казаў руплівы і працавіты бацька паэта. Хведаровіч.

пасіне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пасінеў. Уся пасінелая ад холаду бегла следам за Косцікам Аксіння, трымаючы ў руках яго торбачку з кнігамі. Пальчэўскі. Ягор.. безліч разоў бачыў гэты пачырванелы і пасінелы адначасова вечаровы Сож, зарэчныя лугі, пагорыстыя далягляды. Карамазаў.

пасіне́нне, ‑я, н.

Працэс і стан паводле знач. дзеясл. пасінець.

пасіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сінім, сінейшым. Убачыўшы, што хлопчык ад холаду пасінеў, Ільіч накінуў на плечы падлетка хустку і прапанаваў маці ісці з сынам дадому. Гурскі. І нават неба, што было заўсёды аднолькава прыгожае і высокае, пасінела і паднялося вышэй. Адамчык.

пасіні́ць, ‑сіню, ‑сініш, ‑сініць; зак., што.

1. Зрабіць сінім, падсіненым. [Лайзан] ледзь сабраўся прыжмурыць вочы, а світанак пасініў ужо шыбы, і за акном першым азваўся .. верабей. Броўка.

2. Перасініць усё, многае. Пасініць бялізну.

пасі́пнуць, ‑не; ‑нем, ‑неце, ‑нуць; пр. пасіп, ‑ла; зак.

Асіпнуць — пра ўсіх, многіх. Спевакі пасіплі і пахрыплі, у музыкаў здубянелі рукі. Якімовіч.