пасвячо́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пасвяціць 2.
пасвячэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасвячаць — пасвяціць 2 (у 2, 3 знач.).
пасе́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Праводзіць час, седзячы дзе‑н. Міканор з Іванам калі і паседжваюць, бывае, цяпер удваіх, то ўспамінаюць.. [Нічыпара] добрым словам і нават адчуваюць, што некага ім не хапае. Кулакоўскі.
пасезо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца, праводзіцца па сезонах. Пасезонныя работы.
па́сека, ‑і, ДМ ‑сецы, ж.
1. Высечаная, выкарчаваная дзялянка лесу. Перад.. [Алёшкавымі] вачыма вырасла шырокая прагаліна — пасека. Якімовіч. Пасеку раскарчоўвалі і на ёй засявалі жыта, ярыну. Колас.
2. Поле на месцы выкарчаванага лесу. Дзе мой [селяніна] капне пот, — Дзірван, пасека Шуміць коласам, Урадлівасцю. Купала.
3. Месца, дзе размешчаны вуллі з пчоламі і спецыяльныя будынкі. Побач, у маладым яблыневым садку, была калгасная пасека, а там — гаспадарчыя будынкі, школа, млын. Кулакоўскі. [Пчолы] неслі ўзятак на новыя пасекі ў свае даўно абжытыя вуллі. Грахоўскі.
пасе́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пасяліць.
пасе́лішча, ‑а, н.
1. Спец. Месца, дзе захаваліся сляды старажытнага пасялення; селішча. Раскопкі старажытнага паселішча.
2. Месца, заселенае людзьмі; вёска, сяло, пасёлак. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы, затое дзікіх звяроў і птушак было тут вялікае мноства. В. Вольскі. Здавалася, што гэтае прыгожае паселішча стаіць тут спрадвеку, не старэючы і не хілячыся на бок смалістымі сценамі сваіх хат. Паслядовіч. // Месца, дзе жывуць або будуюць сабе жыллё некаторыя віды дзікай жывёлы. Узніклі новыя паселішчы баброў у пойме Бярэзіны і ў ціхіх затоках. Самусенка.
пасерабры́цца, ‑рыцца; зак.
Зрабіцца серабрыстым, набыць серабрысты колер. І раніцай дарога, добра ўмытая, Пасерабрылася, у асфальце чыстым Адбіла сонца з яснымі блакітамі, Паркан гародчыкаў і лес расісты. Калачынскі. Вядома, толькі я мог па старой памяці называць яго Лёнькам: у ляснічага прыкметна пасерабрыліся скроні, глыбокія маршчыны перасеклі лоб. Даніленка.