пасаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., што.
Зрабіць салодкім. Пасаладзіць чай.
пасалі́ць, ‑салю, ‑соліш, ‑соліць; зак., што.
1. Усыпаць у страву солі, насыпаць соллю для смаку. Варанецкі дастаў з лажэчніка лыжку, зачарпнуў з драўлянай салонкі солі і пасаліў бульбу. Дуброўскі.
2. і чаго. Солячы, нарыхтаваць у запас. Пасаліць кадушку агуркоў.
пасало́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пасаладзіць.
паса́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Час ад часу сапці. У палатцы бесклапотна пасапваў Гошка. У спальным мяшку варочаўся Савін. Лукша. Стомленыя перадад’езднымі турботамі людзі ў сне пасапвалі, уздыхалі, пахрапвалі, ускрыквалі, мармыталі. Васілёнак.
пасапці́, ‑сапу, ‑сапеш, ‑сапе; зак.
Сапці некаторы час.
пасарамаці́ць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго.
Разм. Прымусіць каго‑н. адчуць сорам; пасароміць. Міканор намерыўся далікатна запярэчыць Апейку, пасарамаціць жанок за адсталасць. Мележ. Цёця, што сядзела на лаўцы з кніжкай у руцэ, пасарамаціла хлопчыка: — Сорамна, Міша. Сам схадзі за мячом, бабуля ж старая! Лось.
пасаро́мецца, ‑меюся, ‑меешся, ‑меецца; зак.
1. Адчуць сорам за свае паводзіны, дзеянні. [Анісім:] — Пасаромелася б людзей. Адна ў калгасе засталася такой [непісьменнай]. Гурскі.
2. з інф. Праявіць сарамлівасць у чым‑н., не адважыцца зрабіць што‑н. Увечары... [Кастусь] пасаромеўся ісці да Ракіцкіх, а Скобаліха не прыйшла. Прокша. — Рукі яе не пацалаваў. Гэта мая цемната, прастата вясковая. Пасаромеўся. Янкоўскі.
пасаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.
1. Зрабіць так, каб было сорамна каму‑н.; пасарамаціць. Данілка хацеў пасароміць хлапчукоў, але яго апярэдзіў сусед. Кавалёў. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за.. [дрэнныя] сані, загадала зацягнуць іх на вышкі. Шамякін. — Ты ведаеш, як пасароміў мяне гэты малады чалавек? — звярнуўся Аркадзь Цімафеевіч да Веры Васільеўны і расказаў, як Андрэй вырашыў асушыць Галы. Дуброўскі.
2. Зняславіць, абняславіць. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Шамякін. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла глупства па дурноце... Не пасароміла б сябе і яе, матку... Васілевіч.
пасаро́млены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пасароміць.
пасартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Раздзяліць паводле сартоў, рассартаваць.
2. і без дап. Сартаваць некаторы час.