Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папрысяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прысесці — пра ўсіх, многіх.

2. Прысядаць некаторы час. Грыша папрысядаў,.. зрабіў прабежку на месцы, як фізкультурнік, і палез у ваду. Місько.

папрыто́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прытаптаць усё, многае або што‑н. у многіх месцах.

папрыто́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прытачыць, надтачыць усё, многае.

папрыту́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Прытуліцца — пра ўсіх, многіх. Каму не хапала дзе сесці — папрытульваліся каля падаконнікаў, стаялі каля сцяны, узлакаціўшыся на спінкі крэслаў. Скрыган.

папрыту́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Прытуліць да сябе ўсё, многае або ўсіх, многіх.

папрыхо́дзіць, ‑даіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.

Прыйсці, прыбыць куды‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Цягнікі ўсе папрыходзілі. □ Рана вы нешта сёння папрыходзілі, — сказаў.. [Юрка], перш чым прывітацца. Пальчэўскі. К нам з чужых і далёкіх краёў Папрыходзілі хлопцы з вайны. Астрэйка.

папрыціска́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Прыціснуцца да каго‑, чаго‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазашываюцца [дзеці] пад лахманы, папрыціскаюцца адно да аднаго, каб сагрэцца, і сядзяць, як мышаняты. Арабей.

папрыціска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Прыціснуць усё, многае або ўсіх, многіх. Папрыціскаць прахожых да сцяны. Папрыціскаць пальцы. □ Папрыціскаўшы насы да шыбаў, з зайздрасцю глядзелі.. Косцевы аднагодкі. Карпюк. // Абняўшы, прытуліць да сябе ўсіх, многіх або ўсё, многае. Папрыціскаць дзяцей да сябе.

папрыціха́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Прыціхнуць — пра ўсіх, многіх. Адчуваючы, што з дачкой робіцца нешта няладнае, папрыціхалі ў хаце бацькі. Карпюк. Дзяўчаты-даяркі спачатку паднялі хлопца на смех. А далей, убачыўшы, што ён не адстае ад іх, а каторых і пераганяе, яны папрыціхалі: тут ужо не да смеху, таго і глядзі, што гэты ціхі, рахманы хлопец прысароміць іх. Палтаран.

папрыця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Прыцягнуць, даставіць куды‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Папрыцягваць жэрдкі ў двор.