параўна́льна, прысл.
1. У дастатковай ступені, болей або меней. Параўнальна невялікі тэрмін. Дзень прайшоў параўнальна спакойна. □ З гравюрай-партрэтам Буднага вучоныя пазнаёміліся параўнальна нядаўна. «Помнікі». І хаця белапольскае панаванне было параўнальна нядоўгім, яно далося ў знакі і, здавалася, цягнулася гады. Машара.
2. Карыстаючыся параўнальным метадам. Мовы вывучаюцца параўнальна і гістарычна.
3. з прыназ. «з», у знач. прыназ. з Т. Калі параўноўваць з чым‑н., у параўнанні з кім‑, чым‑н. Сотні паўтары партызан, параўнальна з немцамі дрэнна ўзброеных, не маглі.. утрымаць у кальцы.. мацнейшага ворага. Брыль.
параўна́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць, магчымасць быць параўнаным.
параўна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Заснаваны на параўнанні, супастаўленні чаго‑н. Параўнальны метад даследавання. □ Кантрастны, параўнальны паказ з’яў розных сфер жыцця, паказ адных з’яў на фоне другіх сапраўды ярка раскрываў і паэтызаваў тую ці іншую падзею, сітуацыю, чалавечы характар. Саламевіч.
2. Спец. Які выражае параўнанне, служыць для параўнання. Параўнальныя даданыя сказы.
параўна́нне, ‑я, н.
1. Супастаўленне каго‑, чаго‑н. для выяўлення падабенства ці розніцы або для вызначэння перавагі аднаго над другім. Параўнанне дзвюх велічынь.
2. Мастацкі сродак, які заключаецца ў тым, што параўноўваюцца падобныя ў чым‑н. прадметы, з’явы. Прыказкі, прымаўкі, параўнанні адначасова з іншымі выяўленчымі кампанентамі служаць сродкам характарыстыкі вобразаў. Пшыркоў. Удала карыстаючыся параўнаннямі, Я. Купала намаляваў цудоўны партрэт Бандароўны, прыгожай, смелай, мужнай дзяўчыны. А. Макарэвіч.
3. Выяўленне колькасных ці якасных адносін паміж асобнымі прадметамі і з’явамі. Бой з дэсантам быў у параўнанні з гэтым боем дробяззю. Мележ.
•••
Вышэйшая (найвышэйшая, звычайная) ступень параўнання гл. ступень.
(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе гл. ісці.
параўна́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад параўнаць.
параўна́ўча, прысл.
Тое, што і параўнальна. Выпадкаў прагрэсіўнай асіміляцыі параўнаўча мала ў беларускай мове. Юргелевіч. Было параўнаўча ціха. Мележ. Сонца асвяціла нам .. поле, акаймаванае густым цёмным колам лесу. Тыповае палескае поле, якое параўнаўча не так даўно было пад лесам. Пестрак. Падобных на Гнядкова і Буйскага, хоць і многа іх, усё ж мала для нас. Параўнаўча з тым, што нам трэба для барацьбы, гэта адзінкі. Шамякін.
параўна́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на параўнанні; параўнальны. Параўнаўчы аналіз.
параўна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Супаставіць для вызначэння падабенства ці розніцы або для ўстанаўлення перавагі аднаго над другім. Параўнаць два лікі. □ Лепшыя новыя вершы Юрася Свіркі вызначаюцца тэматычнай закончанасцю.. Гэта асабліва прыкметна, калі параўнаць першы зборнік з апошнім. Барадулін.
2. Прызнаць падобным да каго‑, чаго‑н. Ака! Ака! Твой бег круты і плаўны Не параўнаць мне Ні з якой ракой. Хведаровіч.
3. Зрабіць роўным, аднолькавым. Мне трэба было — адчуванне гэтага ўсё мацнела — адплаціць Яўгену таксама шчырасцю, расказаць аб сабе нешта незвычайнае, такое, што неяк параўнала б нас, паставіла мяне ўпоравень з ім. Савіцкі.
параўно́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. параўноўваць — параўнаць.
параўно́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да параўнавацца (у 2, 3 знач.).
2. Зал. да параўноўваць.