Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паружо́віць, ‑жоўлю, ‑жовіш, ‑жовіць; зак., каго-што.

Зрабіць ружовым. Шчокі.. [Веры Антонаўны] паружовіў мароз, але твар усё роўна выглядаў знясіленым, ды і ўся яна была як вымачаная. Карпаў.

пару́ка, ‑і, ДМ ‑руцы; Р мн. ‑рук; ж.

Зарука ў чым‑н., пацвярджэнне чаго‑н.; гарантыя. Дзе парука, што Анцыпік не прагаворыцца — вольна ці нявольна? Колас.

•••

Кругавая парука — а) калектыўная адказнасць усіх членаў якой‑н. групы людзей за дзеянні гэтай групы ўвогуле або за асобных яе членаў; б) узаемная выручка, узаемнае ўкрывальніцтва.

На парукі — на чыю‑н. адказнасць (аддаць, узяць).

парука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Абл. Павітацца (развітацца) за рукі. Старыя парукаліся і адразу ж завялі размову. М. Ткачоў. На станцыі Мікола і Вадзім парукаліся і разышліся. Гаўрылкін.

пару́мзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Румзаць некаторы час. Маладая парумзала трохі і самаахвярна згадзілася. Брыль. Пятра дома не было, і .. [Вікторыя] трошкі сама сабе парумзала. Сабаленка.

парумя́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

1. Злёгку нарумяніцца; зрабіцца румяным.

2. Румяніцца некаторы час.

парумя́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Злёгку нарумяніць, зрабіць румяным.

2. і без дап. Румяніць некаторы час.

пару́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

Паклапаціцца, панепакоіцца аб кім‑, чым‑н. Ды трэба ж было парупіцца, каб газета выйшла добрая, каб моцна і трапна біла яна стары быт, ды прыдумаць ёй і адпаведнае імя. Колас. Ля студні намерзла высока і подступу каню не было. — Ніхто і не парупіцца, каб абсячы. Чорны. Каторы год як не бачыла брата, а гэта зайшоў па дарозе, дык нават падвезці не парупілася. Скрыган.

па́рус, ‑а; мн. парусы, ‑оў; м.

1. Умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, якая надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна. [Тапурыя:] — Узняўся страшэнны вецер, ён паламаў нашы высокія мачты і парваў шырачэзныя парусы на шмаццё. Самуйлёнак. Быццам крыло беласнежнай птушкі, пад блакітнай гладдзю ракі віднеўся парус. Даніленка.

2. Кавалак тканіны, што нацягнута на крылы ветранога млына.

3. Спец. Верхні, самы буйны пялёстак у кветках бабовых раслін.

4. У архітэктуры — трохвугольнае сферычнае спляценне, якое нагадвае па форме надзьмуты парус.

•••

Касы парус (спец.) — трохвугольны і чатырохвугольны парус.

На ўсіх парусах — вельмі хутка (ісці, ехаць і пад.).

[Ад грэч. pharos.]

парусі́на, ‑ы, ж.

Грубая моцная льняная тканіна, якая першапачаткова ішла толькі на выраб парусоў.

парусі́навы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены, пашыты з парусіны. Бацька вылез з брычкі, прывязаў каня за прасла, зняў свой белы парусінавы картуз і паздароўкаўся з усімі за руку. Хомчанка.