Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папрыла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прыладзіць, прырабіць да чаго‑н. усё, многае. Папрыладжваць замкі да дзвярэй.

папрыле́плівацца, ‑аецца; зак.

Прыляпіцца — пра ўсё, многае. Лісце папрылеплівалася да тратуара.

папрыле́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прыляпіць што‑н. у многіх месцах, прыляпіць усё, многае.

папрыліпа́ць, ‑ае; зак.

Прыліпнуць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае; прыліпнуць у многіх месцах. На дварэ горача было, валасы на лбе папрыліпалі. Лобан. [Павуціне] папрыліпала да калматай курткі і штаноў, — яе не ачысціш і шчоткай. Пташнікаў.

папрылята́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Прыляцець — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Аднекуль наляцелі пчолы, папрыляталі камары. Мурашка.

папрыма́звацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Прымазацца, прымкнуць да каго‑, чаго‑н. — пра ўсіх, многіх.

папрымацо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прымацаваць што‑н. у многіх месцах, прымацаваць усё, многае. Папрымацоўваць табліцы да дошкі.

папрыма́цца, ‑аецца; зак.

Прыняцца — пра ўсё, многае. Зімою зайцы.. сапсавалі некалькі дрэўцаў, але.. [Мікодым] вясной адсадзіў іх, і яны папрымаліся. Сабаленка.

папрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Прыняць, узяць з рук у рукі, у сваё распараджэнне ўсё або частку таго, што здаюць. перадаюць, уручаюць. Папрымаць кнігі ад чытачоў. Папрымаць тэлеграмы.

2. каго. Залічыць у склад чаго‑н. усіх, многіх. Папрымаць выпускнікоў школ на работу. □ [Міхал:] — А сам Лазавы хіба не ведае, як ты працуеш у калгасе, не ведае пра тваю дапамогу партызанам? [Люба:] — Ну, такіх, як я, былі тысячы, хіба ж можна ўсіх у партыю папрымаць? Васілевіч.

3. каго. Дапусціць да сябе для агляду, для размовы па якіх‑н. справах усіх, многіх. Папрымаць хворых. Папрымаць наведвальнікаў.

4. што. Зняць, забраць адкуль‑н. усё, многае. Папрымаць талеркі са стала. Папрымаць табурэткі з сярэдзіны пакоя.

5. што і без дап. Прымаць некаторы час. А пакуль што вось вам рэцэпт, зайдзіце ў аптэку, вазьміце таблеткі і папрымайце перад сном некалькі дзён. Ляўданскі.

папрымо́шчвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Прымасціцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. З-пад ног выпырхвалі спалоханыя сонныя птушкі. Яны, мабыць, папрымошчваліся былі нанач у жыце. Сабаленка.