Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўграва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Угрэцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

паўгро́ша, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — дробная медная манета вартасцю ў чвэрць капейкі.

паўгу́сенічны, ‑ая, ‑ае.

З прымяненнем гусеніц і колаў (пра хадавую частку самаходнага ўстройства); які мае такую хадавую частку. Паўгусенічны камбайн.

паўдаве́ць, ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.

Разм. Аўдавець — пра ўсіх, многіх.

паўдаро́гі, ж.

Палавіна дарогі. Маёнтак яшчэ спаў, калі Гендарсан праехаў паўдарогі ў мястэчка. Чарнышэвіч. Калі ўжо прайшлі паўдарогі, пасылаў дождж, спачатку дробненькі, а потым усё спарнейшы і спарнейшы. Хомчанка.

•••

На паўдарозе (спыніць, спыніцца і пад.) — не закончыўшы распачатай справы.

паўдзеся́тка, м.

Палавіна дзесятка, пяць штук. Каля чырвонай бензінавай палонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін. У .. [Вадзімавым] вядзерцы трапяталася з паўдзесятка акунькоў. Гаўрылкін.

паўдзесяці́ны, ж.

Уст. Былая мера зямлі, роўная палавіне дзесяціны. Усёй зямлі ў .. [Дразда] было толькі паўдзесяціны. Паслядовіч.

паўдзённы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўдня ​2; які бывае ў поўдзень ​2. У паўдзённую спякоту яны былі ўжо каля.. лясной рачулкі. Сачанка. Слязіцца, смолкаю пацее Сцяна ў паўдзённы сонцапёк. Бялевіч.

паўдзённы 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўднёвы ​1. Гэта — дар паўдзённы ад братоў, Пэўна з Ерэвана і з Тбілісі, З цёплых чарнаморскіх берагоў. Танк. Веюць ветры з паўдзённых зямель, Ахінаюць цяплынню зямлю ўсю. З добрым ранкам, сяло Церабель — Любы сэрцу куток Беларусі. Ляпёшкін.

паўдзі́кі, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова цывілізаваны, амаль дзікі. Паўдзікія плямёны.

паўднёвы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поўдня ​1; які знаходзіцца, размяшчаецца на поўдні. Паўднёвы полюс. Паўднёвы горад. □ Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў. Колас. Паўднёвы бераг [Дзвіны] больш адхонны, залесены. Асіпенка. // Які дзьме з поўдня (пра вецер). Паўднёвы вецер. // Уласцівы жыхару поўдня. Паўднёвы тэмперамент.

•••

Паўднёвы захад гл. захад.

Паўднёвы ўсход гл. усход.

паўднёвы 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўдзённы ​1. Ідуць часам яны з дзедам, — Месца слаўнае, цяпло, Час паўднёвы прад абедам. Колас. Заснула паўднёвым сном зямля. Ад вялікай спякоты і птушкі не спявалі. Бядуля.