Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пачу́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Час ад часу, злёгку чухацца.

пачу́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Час ад часу, злёгку чухаць. — А! брат ты мой! — ахаў Пракоп ды пачухваў патыліцу. Колас.

пачу́цца, ‑чуецца; зак.

1. Стаць чутным; загучаць. Недзе празвінела піла, пачуўся стук малаткоў, залязгалі гусеніцы крана. Гурскі. Быццам па сігналу, пачаў сціхаць людскі гоман, і ў цішыні раптам пачулася вуркатанне матора. Карпаў.

2. Разм. Адчуць сябе. Настаўнікі з вялікаю прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа, асвяжыліся і пачуліся як не трэба лепей. Колас. А ці ёсць гарады, Каб зайшоў і адразу пачуўся, Быццам жыў тут заўжды, А сягоння з дарогі вярнуўся? Лужанін.

3. Разм. Адчуцца, успрыняцца органамі пачуццяў. Нейкая недабрата пачулася яшчэ з вясны: Марына часам злёгку тэмпературыла, слабела, яе адольвала стома. Марціновіч. І сцэна ажыла, — лісты затрапяталі, і ветрык зашумеў у бэзавых кустах, пачуўся нават ружаў пах. Корбан.

пачу́цце, ‑я, н.

Здольнасць адчуваць, успрымаць з’явы аб’ектыўнай рэальнасці. Органы пачуццяў.

пачу́ццевасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць пачуццевага. Пачуццевасць успрымання.

2. Здольнасць успрымаць што‑н. органамі пачуццяў.

пачу́ццевы, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца або ўспрымаецца пры дапамозе органаў пачуццяў.

пачуццё, я́, н.

1. Псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага свету. Пісьменніку [П. Пестраку] ўдалося .. намаляваць яркі вобраз маладой жанчыны Аксені, паказаць складаную гаму чалавечых пачуццяў. Гіст. бел. сав. літ. Ад думак і пачуццяў, якія авалодалі ім, Клім ужо не мог спакойна ўседзець на месцы. Шахавец. // Усведамленне, адчуванне чаго‑н. Пачуццё ўласнай годнасці. □ Толькі пачуццё абавязку стрымлівае .. ад жадання бегчы ўслед за сябрамі. Брыль. Я. Колас імкнуўся абудзіць у літаратурнай моладзі пачуццё адказнасці за сваю справу. Адамовіч.

2. чаго або якое. Псіхічны стан або фізічнае адчуванне чалавека. Мікола слухаў, еў грэбліва і ніяк не мог перамагчы ў сабе ўсё ўзрастаючае пачуццё агіды. Брыль. Светлае і невыказна радаснае пачуццё запоўніла душу Віктара. Шчарбатаў. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч.

3. Знешняе праяўленне душэўнага пад’ёму, усхваляванасці. Спявала [Ядвіся] з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне. Колас. Пра свае горкія перажыванні .. [Акіліна] гаворыць вельмі скупа, але ўкладвае ў свае словы вялікае пачуццё: «Не я па зямлі хадзіла, а зямля па мне». Шкраба.

4. Каханне, сімпатыя, прыхільнасць да каго‑н. [Сіўцоў:] — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць яе, ці адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё... Бядуля.

•••

Пачуццё локця — пачуццё сяброўства і ўзаемнай падтрымкі.

Пачуццё меры — адчуванне патрэбных межаў у якіх‑н. учынках, дзеяннях.

пачуццёвасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць пачуццёвага. Пачуццёвасць погляду.

2. Схільнасць да пачуццёвай асалоды.

пачуццёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да задавальнення палавога пачуцця. Пачуццёвая асалода.

2. Схільны да задавальнення цялесных, фізічных пачуццяў. Пачуццёвы чалавек. □ А Волька дык уся свяцілася, лагодная, добрая, пачуццёвая і... нейкая вельмі блізкая. Лупсякоў.

пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.

2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.

3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.

4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.