патармашы́ць, ‑машу, ‑мошыш, ‑мошыць; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і патармасіць. Зіна яшчэ раз патармашыла адной рукой клунак, выняла.. фарфоравы кубачак. Кулакоўскі.
патармо́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад патармасіць, патармашыць.
патаро́ча, ‑ы, ж.
Уст. Абл. Здань, пудзіла. Цябе агорне полаг ночы, Ты смех пачуеш Патарочы, — Ці будзе водгук тваім думам? Колас.
патарча́ка, ‑і, ДМ ‑чацы; Р мн. ‑чак; ж.
Кол, палка, якія тырчаць з зямлі. [Міхась] Пералазіў цераз платы, натыкаўся на патарчакі. Скрыган. // Ламачына, палка. Пракоп схадзіў па прылессе, назбіраў бярэмя сухіх патарчак і неяк расклаў агеньчык. Сіняўскі. Устаўшы, .. [капітан] абапёрся на нейкую патарчаку, якая была ў яго замест кія. Быкаў.
патасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што і без дап.
Тасаваць некаторы час; ператасаваць. [Бабка] пайшла ў сваю каморку, выняла з-пад сенніка калоду старых, як і сама яна, карт, патасавала сваім манерам і пачала спаважна раскладваць іх на восем кучак, па тры карты ў кожнай. Колас.
патаўсце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць тоўстым, таўсцейшым. [Ларыса] пахарашэла. Загарэла. І, здаецца, крыху патаўсцела. Асіпенка. Толькі дзве ніжнія галіны [бярозы] значна патаўсцелі, сталі даўжэйшымі. Пестрак.
патаўсці́цца, ‑тоўсціцца; зак.
Стаць таўсцейшым. Патаўсцілася нітка.
патаўсці́ць, ‑таўшчу, ‑тоўсціш; ‑тоўсціць; зак., што.
Зрабіць таўсцейшым. Патаўсціць нітку.
патаўха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Таўхаць некаторы час.
патаўчы́, ‑таўчу, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; зак., каго-што.
1. Стаўчы што‑н. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас.
2. Разм. Пабіць, разбіць. Патаўчы гаршкі.
3. і без дап. Таўчы некаторы час.