пасашчэ́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Тое, што і пасашчапляць.
пасваво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
Сваволіць некаторы час. Пеця любіў пасваволіць, а часам і пакрыўдзіць каго-небудзь з аднагодкаў. Сіняўскі. Толькі бліснуць маланкі, Віхор Раскалыша Нарачы далі, Выплывае з глыбіняў вугор Пасваволіць на хвалі. Зарыцкі.
пасвары́цца, ‑сваруся, ‑сварышся, ‑сварыцца.
Зак. да сварыцца.
пасвары́ць, ‑свару, ‑сварыш, ‑сварыць.
Зак. да сварыць.
пасва́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Зак. да сватацца.
пасва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Зак. да сватаць.
пасве́дчанне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасведчыць.
2. Афіцыйны дакумент, які сведчыць аб чым‑н., сцвярджае што‑н., змяшчае кароткія звесткі пра каго‑н. Чалавек падышоў да касы, паказаў пасведчанне і без чаргі купіў білет. Гурскі. Малады хлопец з кучаравай светлай чупрынай, спушчанай на лоб, у цёмна-сінім, вайсковага пакрою, гарнітуры, схіліўшыся над сталом у прыемнай першага сакратара, доўга разглядаў карэспандэнцкае пасведчанне Зараніка. Хадкевіч.
пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.
2. Выступіць у ролі сведкі. — Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.
пасвідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
1. Прасвідраваць усё, многае. Патачыў, на .. дзірачкі пасвідраваў шашаль старую каламажку. Баранавых.
2. і без дап. Свідраваць некаторы час.
пасвіста́ць, ‑свішчу, ‑свішчаш, ‑свішча; зак.
Свістаць некаторы час; свіснуць некалькі разоў. — Пан цівун, пабойся бога! — заступіўся за Язэпку дзед Міхаль. — Што ж ён зрабіў такога? Хіба ж няможна на дудачцы пасвістаць? Якімовіч. Каля суседскага парога залілася сабачаня, тоненька-тоненька. Алёшка пасвістаў яму і пайшоў. Лобан.