Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пара́дкам, прысл.

Разм.

1. У значнай ступені, даволі моцна. Што там ні кажы, а пастарэў бацька ўсё ж парадкам. Васілёнак. // Даволі многа. І вось падаўся я з незвычайнай камандзіроўкай па франтавых дарогах.. У блакноце ў мяне ўжо парадкам імён з адрасамі. За адзін толькі тыдзень. Ракітны.

2. Як мае быць, добра, толкам. Паехалі — яна, Ігнатка Ды дзядзька з цёткай, іх сынок. Куды? Ніхто не знаў парадкам, Дзе іхні спыніцца чаўнок. Колас.

3. Па парадку. [Пархвен] парадкам пачаў заходзіць у кожную хату, стукаў у вокны і дзверы. Чорны.

парадко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца, выконваецца па радках, на кожным радку, за кожны радок. Парадковы падлік. Парадковая аплата.

пара́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць параднага (у 1 знач.); урачыстасць. Параднасць цырымоніі. □ Як мала ў гэтым раздзеле педагогікі жывой практыкі, жыцця і як многа прапісных ісцін, афіцыйнасці і непатрэбнай параднасці! Шамякін. Гэтая невялікая выстаўка не мае звычайнай выставачнай параднасці. «ЛіМ».

параднёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад парадніць.

пара́днік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і дарадчык.

пара́дніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да параднік.

парадні́цца, ‑раднюся, ‑роднішся, ‑родніцца; зак., з кім-чым.

1. Уступіць у адносіны роднасці з кім‑н. [Гумоўскі] хацеў парадніцца, як яму здавалася, з сапраўднаю шляхецкаю сям’ёю. Броўка.

2. Стаць блізкім па духу, перакананнях і пад. Быццам тут на свет радзіўся, Грышка ўсцешаны і рад: Ён з байцамі парадніўся — кожны быў і друг і брат. А. Александровіч.

парадні́ць, ‑радню, ‑родніш, ‑родніць; зак., каго-што.

1. Стварыць адносіны роднасці паміж кім‑н. Парадніць адну сям’ю з другой.

2. Зблізіць, устанавіць адносіны ўзаемаразумення. Шматвяковая сумесная барацьба рускага, украінскага і беларускага народаў за сваю незалежнасць, за сваю культуру, мову, веру і звычаі парадніла гэтыя народы. «Беларусь». Гэта слова [камунізм] людзей аб’яднала І сардэчна навек парадніла. Хведаровіч.

пара́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да парада, звязаны з парадам. Парадны строй. Парадны марш. // Прызначаны для парада, для ўрачыстых выпадкаў. Парадная форма. □ З рэчавага мяшка.. [Язэп] дастаў пару новенькіх пагонаў, якія яму выдалі ў шпіталі, не палявых, а парадных, а яркімі нашыўкамі. Асіпенка. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі. Колас. // Святочны. Парадны выгляд.

2. Галоўны (пра лесвіцу, уваход і пад.). Парадныя дзверы. □ [Кандрат] не пайшоў з чорнага ўваходу, каб не падумалі, што хаваючыся да Домны ходзіць, пастукаўся ў парадны. Лобан.

парадо́кс, ‑а, м.

Думка, меркаванне, якое разыходзіцца з агульнапрынятымі поглядамі, супярэчыць разумнаму сэнсу. // Кніжн. Нечаканая з’ява, якая не адпавядае звычайным уяўленням у навуцы. Матэматычны парадокс. Лагічны парадокс. // Разм. Недарэчны збег акалічнасцей, які супярэчыць разумнаму сэнсу. [Зося:] Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама — хірург. У нашу армію.. А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Шамякін.

[Ад грэч. parádoxos — нечаканы, дзіўны.]