Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пала́саваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго.

Пакарміць чым‑н. смачным, пачаставаць ласункамі. Паласаваць дзяцей цукеркамі. □ Тэкля заўсёды песціла .. [карову], як малое дзіця, наровячы напаіць цёпленькай вадзічкай, падкінуць лепшы ахапак сена, паласаваць бурачкамі ці добра завараным пойлам. Няхай.

паласава́ць, ‑су́ю, ‑су́еш, ‑су́е; незак., каго-што.

1. Спец. Рэзаць на палосы. Паласаваць жалеза.

2. Разм. Удараць, біць чым‑н., пакідаючы на целе сляды ў выглядзе палос. Раптам Сомік скочыў, схапіў.. [жанчыну] леваю рукою за хустку разам з валасамі і пачаў паласаваць плёткай. Крапіва. Цяпер дзядзька стаяў на падводзе, трымаў у руках лейцы і лейцамі ўвесь час паласаваў каня. Васілеўская.

3. перан. Разм. Бліскаць паласой агню, святла. Усё часцей і часцей паласавалі неба агнявыя маланкі. Васілевіч.

паласавы́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які вырабляецца ў выглядзе палос. Паласавая сталь.

паласа́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паласатага. Паласатасць апярэння птушак.

паласа́ты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты палосамі; з афарбоўкай у палоску. У чаўне, на дне яго, стаіць .. мужчына ў паласатай матроскай кашулі. Галавач. Да паласатага шлагбаума спускалася чародка малышоў у белых панамках. Даніленка. / Пра жывёлу, якая мае афарбоўку ў выглядзе палос. Паласатая зебра. / У спалучэнні са словам «чорт» як лаянка. Зайздрошчу я табе, чорт паласаты! Васілевіч.

паласа́цік, ‑а, м.

Род буйных кітоў з падоўжнымі складкамі на скуры горла і жывата.

паласкаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць больш ласкавым, лагодным, спагадлівым. Выцягваю з кішэні 140 франкаў і аддаю правадніку. Паязны служка адразу паласкавеў. Філімонаў.

паласка́льніца, ‑ы, ж.

У чайным сервізе — пасудзіна для апалосквання пасуды.

паласка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць, прызначаны для паласкання. Паласкальная міска.

паласка́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паласкаць (у 1, 2 знач.).

2. Лекавая вадкасць (настой, раствор і пад.), якой палошчуць рот, горла.

паласка́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паласкаць (у 1, 2 знач.).