нахма́рыць, ‑рыць; безас. зак.
Стаць пахмурным; зацягнуцца хмарамі (пра неба). Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна і хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Шамякін.
нахму́ранасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан нахмуранага; хмурнасць. Нахмуранасць з твару камандзіра палка адразу зляцела. Алешка.
нахму́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад нахмурыць.
2. у знач. прым. Хмурны, пануры. Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур’ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы. Колас. Ішоў .. [Сідарчук] дахаты павольнаю хадою, выпрастаны, нахмураны, і ў душы нараджаліся суровыя думкі. Пестрак. // Які выражае суровасць, задуменнасць, заклапочанасць. Пакуль гарэла запалка, ... [Суздалеў] глядзеў на нахмураны жаночы твар. Чыгрынаў. З-пад нахмураных броў свяцілася хітраватая, добрая, цёплая ўсмешка. Бялевіч.
3. перан.; у знач. прым. Пахмурны, змрочны, цёмны (аб прадметах і з’явах прыроды). Нахмуранае неба. □ Лес стаяў спакойны і нахмураны. Якімовіч.
нахму́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да нахмурыцца.
нахму́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да нахмурыць.
нахму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Стаць хмурным, панурым. Бацька нахмурыўся і паказаў рукою на папружку. Лужанін. [Дзіміна] зноў прамаўчала, нахмурылася і механічна паправіла валасы, якія выбіліся з-пад берэта. Карпаў. // Наморшчыцца, насупіцца, выказваючы суровасць, задуменнасць, заклапочанасць (пра лоб, твар, бровы). Твар прэзідэнта нахмурыўся, па вачах, якія раптам звузіліся, можна было бачыць, як упарта працавала яго думка. Гамолка.
2. перан. Зрабіцца пахмурным, змрочным, цёмным (аб прадметах і з’явах прыроды). Возера нахмурылася, і цяжкія хвалі плёскаліся аб бераг. Пестрак. І нахмурылася неба, цёмныя хмары павіслі нізка над зямлёю. Шахавец.
нахму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Сурова наморшчыць (твар, лоб), насупіць (бровы). Дзяніс Давыдавіч акінуў вачыма сцяну і хутка падняўся на рыштаванні, дастаў вымяральны прыбор, як бы праверыў сябе, і нахмурыў бровы. Гурскі. [Дзед Талаш] сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас.
нахмы́ліцца, ‑ліцца; зак.
Прыціснуўшы вушы, падрыхтавацца да нападу або абароны (пра каня). Конь раптам нахмыліўся і, узмахнуўшы галавой, кінуўся на хлопчыка. Сіняўскі.
нахо́дзіць 1, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да найсці 1.
2. Тое, што і надыходзіць (гл. надысці ў 1 знач.). Находзіць свята. □ — Ну, што ж? У лесе паначуем: Находзіць ноч, падбіўся конь. Колас.
нахо́дзіць 2, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.
Незак. да найсці 2.
нахо́хлены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад нахохліць.
2. у знач. прым. З натапыраным, паднятым пер’ем. Нахохленыя птушкі.