Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наблы́таны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наблытаць.

наблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што і чаго. Заблытаць, пераблытаць нейкую колькасць чаго‑н. Наблытаць нітак.

2. Дапусціць блытаніну, нарабіць памылак. Наблытаць у падліках.

набо́б, ‑а, м.

1. Тытул правіцеляў індыйскіх правінцый. // Асоба, якая мае такі тытул.

2. перан. Вельмі багаты чалавек, які жыве ў раскошы.

[Англ. nabob, фр. nabab, ад араб. мн. л. núvvāb — князькі ў мусульманскай Індыі.]

набо́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць набожнага. [Бацьку] апрыкрала дзедава набожнасць. Бядуля.

набо́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які верыць у бога і выконвае ўсе рэлігійныя абрады. Гаспадар быў набожны і суботні дзень сустракаў як належыць набожнаму яўрэю. Мікуліч. // Уласцівы такому чалавеку. Набожны настрой. Набожныя размовы.

2. перан. Поўны вялікай павагі. Тым часам Прахор запаліў большую лямпу і асцярожна, з набожнай пашанай адчыніў дзверы ў другую палавіну хаты. Зарэцкі.

набо́й, ‑ю, м.

1. Зарад пораху са шротам, карцеччу або куляй для паляўнічай стрэльбы; патрон з такім зарадам. Дзед Піліп узяў сваю двухстволку, праверыў набоі і павесіў над самым ложкам. Ваданосаў. [Бацька] выбраў сыну стрэльбу і сам набіў тры набоі на качак. Караткевіч. // Зарад шроту, карцечы і пад. Дзік ходу, а паляўнічыя яшчэ па набат ў бакі ўсадзілі яму. Пальчэўскі.

2. Уст. Баявы снарад, патрон і пад. — Трос акопы, ірваў целы Гарматы набой. Куляшоў. Сярод .. [нямецкіх] танкаў пачалі рвацца набоі з артылерыі, якая абазвалася з горада. Чорны.

набо́йка, ‑і, ДМ ‑бойцы; Р мн. ‑боек; ж.

1. Ніжні слой абцаса. Рызінавыя набойкі.

2. Металічная пласцінка, якая набіваецца на абцас і насок абутку. Выйшла [жанчына] у пярэдні пакой, прынесла чаравікі. Нямецкія, салдацкія. З жалезнымі набойкамі на насках і абцасах. Навуменка.

набо́к, прысл.

1. На адзін з бакоў. Галас, схіліўшы набок галаву, падышоў да мяне бачком. Колас. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Русыя валасы акуратна зачасаны набок. Алешка. Схапіўшыся за грудзі, дэсантнік пахіснуўся набок, ніцма ўпаў на зямлю. М. Ткачоў. // Набакір; накасяк. У пасаджанай набок новенькай шапцы з залацістай эмблемай чыгуначніка.. [Вася] бадзёра наігрываў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны. // Убок (адкінуць, адставіць і пад.). Работай сагрэйся, калі халады, Не будзеш пахукваць на рукі тады. Набок — рукавіцы, ватоўку — набок. Бялевіч. Ад яго [Міколавых] удараў каскі Адлятаюцца набок. Броўка.

2. у знач. выкл. З дарогі; прэч. Пад’ехаў пан. — Набок! — крычыць мужыку. Якімовіч.

набо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. набіраць — набраць (у 3–5 знач.).

2. Сукупнасць прадметаў аднолькавага прызначэння. Набор хірургічных інструментаў. Туалетны набор. // Група вучняў, студэнтаў і пад. аднаго году паступлення. У інстытут прыйшоў новы набор.

3. Сукупнасць металічных літар, якія перадаюць які‑н. тэкст. Рассыпаць набор. □ Бацька і сын Воранавы часткамі пераносілі набор да сябе на кватэру, якая знаходзілася на Шорнай вуліцы. Пятніцкі.

4. Аздабленні з металічных прадметаў на вупражы, рэмені і г. д.

•••

Набор слоў — спалучэнне слоў без усякага сэнсу; бяссэнсіца.

набо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да друкарскага набору. Наборны цэх. □ Друкарня была на першым паверсе. Паўз сцены ў адным пакоі стаялі наборныя касы. Гаўрылкін. // у знач. наз. набо́рная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе робяць набор (у 3 знач.). Працаваць у наборнай. Увайсці ў наборную.

2. З аздабленнямі, з наборам (у 4 знач.). Наборная вупраж.

3. Які складаецца з асобных частак. Наборны паркет.