пад’ёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пад’ёму (у 1 знач.). Пад’ёмная сіла крылаў. // Які служыць для пад’ёму чаго‑н. Пад’ёмны кран. Пад’ёмны механізм. □ Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... Пташнікаў.
2. Зроблены так, каб можна было падняць. Пад’ёмная заслона. Пад’ёмны мост.
3. у знач. наз. пад’ёмныя, ‑ых. Грошы, якія выдаюцца пры пераездзе на новае месца работы. Атрымаць пад’ёмныя. □ [Чалавек], здаецца, не адказаў на маё прывітанне, а папрасіў маё накіраванне. Прабег яго вачыма, паклікаў нейкую Надзю, загадаў ёй мяне «правесці загадам» і выплаціць пад’ёмныя. Гаўрылкін.
пад’ёмшчык, ‑а, м.
Рабочы, які працуе на пад’ёме чаго‑н.
паджартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., з каго-чаго, над кім-чым.
Разм. Пасмяяцца з каго‑, чаго‑н., зрабіць каго‑, што‑н. прадметам сваіх жартаў. [Настаўнік:] — Ідучы паціху за імі, .. [механік] чуў, што казалі бабы, дый паджартаваў трохі з іх. Мурашка. Паджартавала [Гэля] і над Зосяю. Гартны. // без дап. Сказаць жарт, пажартаваць.
паджа́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Рыжа-буры або бура-чорны (пра масць жывёл). З хвіліны на хвіліну чакаю, што вось-вось пакажацца чорная ці паджарая шапка [грыба]. Сачанка.
2. Разм. Сухарлявы, тонкі. Паджары лось. □ Праз акно [барон] убачыў паджарага нямецкага афіцэра. Грахоўскі.
паджа́рына, ‑ы, ж.
Тое, што і падпаліна (у 2 знач.). Пад крылом самалёта — смуглявая Таўрыя, Як рассцелены дбайна армяк чумака, Нават бачны на крыссі рудыя паджарыны І на локці палаплены правы рукаў. Жычка.
паджа́рысты, ‑ая, ‑ае.
Добра падпечаны, з румянай скарынкай. Гэта быў ладны жытнёвы акраец, з паджарыстай хрумсткай скарынкай. Быкаў. // перан. Цёмна-жоўтага, залацістага колеру. Паджарыстая шкарлупка на .. [жалудах] аж блішчала. Якімовіч.
паджа́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паджаць.
паджа́цца, падажнуся, падажнешся, падажнецца; падажнёмся, падажняцеся; зак.
Разм. Зжаць, дажаць да якога‑н. месца, якой‑н. мяжы. Паджацца да лесу. □ [Мысліцкі] аглядае жытні палетак — жыта зусім спелае на ўзгорках. Пакуль падажнуцца, дык паспее і на лагчыне. Мурашка.
паджа́ць, падажну, падажнеш, падажне; падажнём, падажняце; зак., што.
Разм. Зжаць тое, што засталося, зжаць дадаткова. Паджаць загон.