Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

партшэ́з, ‑а, м.

Лёгкае пераноснае крэсла, у якім можна сядзець напаўлежачы; паланкін.

[Ад фр. porter — насіць і chaise — крэсла.]

парты́ец, ‑тыйца, м.

Разм. Член Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. [Міхась] свабодна трымаўся з начальнікам сувязі дывізіі таварышам Свіласам, чалавекам стрыманым і цвёрдым партыйцам. Машара.

партыза́н, ‑а, м.

Удзельнік узброенай барацьбы, якая вядзецца атрадамі народных мас на акупіраванай тэрыторыі. Усе віталі Міколку, слаўнага машыніста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавіка. Лынькоў. Як ішлі ў лясы партызаны На заклятага ворага-пана, — Расступаліся долы і горы, Шляхі значылі сонца і зоры. Купала.

[Фр. partisan.]

партыза́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм.

1. Весці партызанскую барацьбу. Нейкі здраднік данёс фашыстам, што былы дырэктар саўгаса партызаніць у тутэйшых лясах. Шчарбатаў.

2. перан. Займацца партызаншчынай (у 2 знач.).

партыза́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Жан. да партызан.

2. Разм. Партызанская вайна. [Клопікаў:] — Ці не партызанкай заняліся, пан Слімак, ці не назнарок вас пакінулі тут? Лынькоў. Да Малых Выселак можна было ісці і па Гарэлым балоце. Вацура адшукаў бы на гэтай вялікай імшарыне ўсе сцежкі — запомніў яшчэ з партызанкі. Чыгрынаў.

партыза́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які праводзіцца, вядзецца партызанамі (пра ўзброеную барацьбу). Партызанская вайна. Партызанскі рух.

2. Які мае адносіны да партызана, да партызан, уласцівы ім. Партызанская слава. Партызанская дружба. □ — А мы папросім Надзежду Астапаўну.. прачытаць новы верш Купалы, партызанскі, які прынеслі нядаўна да нас з-за лініі фронту. Лынькоў. // Які належыць партызану, партызанам. Партызанская зямлянка. □ Смешна зацёхкала бадзерыстая партызанская «Кацюша». Брыль. // Які складаецца з партызан. Партызанскі атрад. Партызанская брыгада. Партызанскі абоз.

3. перан. Разм. Дрэнна арганізаваны, бессістэмны, уласцівы партызаншчыне (у 2 знач.).

партыза́нства, ‑а, н.

Разм.

1. Дзейнасць партызана, партызан. Дзед Талаш любіць успамінаць сваё партызанства. Колас. — І Апанаса хацелі тады зняць, дык не, заступіліся, партызанства ўлічылі. Скрыпка.

2. перан. Тое, што і партызаншчына (у 2 знач.). Не скажу, што мы ўсе не хацелі многа ведаць, але ў нас гэта выходзіла неяк бязладна, з нейкім бунтам і партызанствам. Скрыган.

партыза́ншчына, ‑ы, ж.

Разм.

1. Партызанская барацьба, партызанства. Успамін далёкага дзяцінства .. сплятаецца з пякуча-яскравымі карцінамі партызаншчыны. Зарэцкі. На стале перада мною стаіць люстэрка. Старое яно, ажно яшчэ з часоў партызаншчыны. Васілёнак.

2. перан. Бессістэмная і бяспланавая работа, для якой характэрна неарганізаванасць і анархія. Марудна і цяжка ідзе зжыванне партызаншчыны, пераадоленне стомленасці і разбэшчанасці, але яно ідзе ўперад не гледзячы ні на што. Ленін.

парты́йка, ‑і, ДМ ‑тыйцы; Р мн. ‑тыек; ж.

Разм. Жан. да партыец.

парты́йнасць, ‑і, ж.

1. Прыналежнасць да партыі (у 1 знач.).

2. Наяўнасць рыс, якія адпавядаюць прынцыпам і задачам пэўнай партыі, пэўнага класа. Іменна сіла сцвярджэння — галоўнае ў творчасці Максіма Танка, у гэтым праяўляецца партыйнасць і пароднасць яго паэзіі. Кучар.