падду́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца пад дугой, прымацаваны да дугі. Паддужны званочак.
2. Спец. Дадатковы, дапаможны на які‑н. выпадак (пра каня). // у знач. наз. падду́жны, ‑ага, м. Коннік, які суправаджае каня на скачках.
пад’е́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пад’язджаць — пад’ехаць.
2. ‑а. Месца, шлях, па якім пад’язджаюць куды‑н. Гарышны паклаў свой багаж на лавачку, паглядзеў на пад’езд да ракі, на гадзіннік і апусціўся на лавачку і сам. Ракітны. Ціток абышоў усю.., круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан.
3. ‑а. Уваход (звычайна крыты) у будынак. Каля цэнтральнага пад’езда Дома ўрада стаялі грузавыя машыны. Якімовіч. Людзі кідаліся ў двары, у парадныя пад’езды. Лынькоў. Герояў Сацыялістычнай Працы яшчэ не так многа, і калі ўжо ў вашым доме жыве герой, дык яго, як і чэмпіёна свету, ведаюць усе: і ў якім пад’ездзе ён жыве, і па якім паверсе, і якая нават кватэра... Васілевіч.
пад’е́здны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пад’езда (у 3 знач.). Пад’ездныя дзверы. □ Навіцкі парадаваўся, што нікога няма ля пад’езднай лаўкі, хутка шмыгнуў у пяціпавярховы дом. Далідовіч.
пад’е́льнік, ‑у, м.
Род шматгадовых сапрафітных травяністых раслін сямейства вертляніцавых з лусачкамі на сцябле, жаўтаватымі лісцікамі і кветкамі, сабранымі ў гронку, якія растуць пераважна ў хвойных лясах.
пад’есау́л, ‑а, м.
Афіцэрскі чын у казацкіх войсках дарэвалюцыйнай Расіі ніжэй есаула. // Асоба ў гэтым чыне.
пад’е́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. пад’еў, ‑ела; заг. пад’еш; зак.
Разм.
1. Наталіць голад, наесціся. [Маці] паклікала Андрэя снедаць. Дзядзька Марцін і Якуб у хату не пайшлі, спаслаўшыся на тое, што яны нядаўна добра пад’елі. Колас. // Паесці. Хіба спакойна пад’ясі, калі цябе чакае цэлая кампанія? Гамолка.
2. што. Аб’есці, абгрызці знізу; сапсаваць. Пад’есці дрэва.
пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.
1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.
2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.
3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.
пад’ём, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падняць (у 1–5 і 7 знач.) і падняцца (у 1 знач.).
2. Участак дарогі, які ідзе ўверх. На пад’ёме Высокай гары я дагнаў чалавека з фурманкай. Брыль. З пад’ёму цягнік імчаў хутка. Федасеенка.
3. Выпуклая верхняя частка ступні ад пальцаў да шчыкалаткі. Высокі пад’ём. Нізкі пад’ём. □ Ніна была ў кароценькім жакеце з чорным, пад коцік, каўняром, у хустцы. На нагах туфлі з раменьчыкам на пад’ёме. Арабей. // Частка абутку, якая аблягае гэтае месца нагі. Боты не блішчалі, а ў пад’ёме былі разрэзаны, каб можна было іх абуваць, калі мокрыя. Карпюк.
4. Сігнал да ўставання або да паходу. Прайграць пад’ём. □ — Пад’ём! Загасіць касцёр, — крыкнулі мы на хаду, схапілі свае рэчы і падаліся ў лес. Няхай. О, як жа звязана трывала Усё ў жыцці адным вузлом: Не зналі б мы цаны прывалам, Калі б не гралі нам пад’ём. Непачаловіч.
5. Тое, што і пад’ёмнік. Руднічны пад’ём.
6. У граматыцы — ступень набліжэння языка да паднябення. Гукі сярэдняга пад’ёму.
•••
Лёгкі на пад’ём гл. лёгкі.
Цяжкі на пад’ём гл. цяжкі.
пад’ёмісты, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца высокай, пукатай паверхняй. Пад’ёмістая арка.
2. У якога высокі пад’ём (у 3 знач.).
пад’ёмнік, ‑а, м.
Механізм, пры дапамозе якога падымаюць цяжары і пасажыраў. Пнеўматычны пад’ёмнік. □ Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. Матор напружана ўзвыў, вал пад’ёмніка закруціўся, кузаў прыўзняўся. Вышынскі.