пасялі́цца, ‑сялюся, ‑селішся, ‑селіцца; зак.
1. Заняць дзе‑н. месца для жылля. І вось гэты самы Янка Гукала стаяў цяпер каля гумна, дзе пасяліўся на лета Садовіч. Колас. Мы, вярнуўшыся на пагарэлішча, ..Пасяліліся ў маленькім трысцене. Барадулін. // Заснаваць сядзібу, пабудавацца. Антонава хата вунь, у самым канцы новай вуліцы.. Пасяліўся Антон на выгодзе. Ермаловіч. У Пятроўцы за мостам, дзе першы пасяліўся Мітрафан Лугавы, здаецца, нядаўна яшчэ ляжала пустка. Ракітны.
2. перан. Устанавіцца, з’явіцца, узнікнуць (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Насцярожанасць пасялілася ў хаце Ігната Шылянка. Кавалёў. Добра, што сеецца, Хораша сеецца, — Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Калачынскі.
пасялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.
1. Даць каму‑н. месца для жылля; усяліць. Пасяліць студэнтаў у інтэрнат. Пасяліць сям’ю ў новым доме. □ — Людзей у нас поўна. Але вы не бойцеся, я вас пасялю ўдвух у трэці пакой. Мы яго на ўсякі выпадак трымаем у рэзерве. Сабаленка.
2. перан. Выклікаць (якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Цяпер Веру быццам падмянілі. Сяброўкі таксама прыціхлі. Гора Веры пасяліла ў майстэрні сумную цішыню. Машара.
пасялко́вец, ‑коўца, м.
Разм. Жыхар пасёлка. Кожнага з чатырох трактарыстаў, што ішлі сёння на абарону Радзімы, праводзіла сям’я, радня, а ўсіх іх праводзілі пасялкоўцы. Пальчэўскі. Паўнакроўным жыццём жывуць пасялкоўцы. «Звязда».
пасялко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пасёлка. Пасялковая вуліца. Пасялковая бальніца.
пасяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да пасяліцца.
2. Зал. да пасяляць.
пасяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да пасяліць.
пасяме́йны, ‑ая, ‑ае.
Які даецца па сем’ях; які складаецца на кожную сям’ю. Пасямейны надзел. Пасямейныя спісы.
пасяро́д, прыназ. і прысл.
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярод» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца, прасторы ці якой‑н. групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Правей — гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце. Пташнікаў. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі. Грахоўскі. Пахаджае [гаспадар] ганарыста Пасярод свайго двара. Броўка. Кастусь стаяў пасярод іх [людзей]. Чорны.
2. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго‑, чаго‑н. На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца жудка, як астрог, На свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. Адчынены вокны, і відаць, што ў хаце-чытальні поўна народу. Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод. А ззаду, каля дзвярэй, — моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Шамякін.
пасяро́дку, прыназ. і прысл.
Тое, што і пасярод. Спыніўся юнак пасяродку .. паляны. Куляшоў. Тут стаяла дарагая мэбля — сервант, тахта, яшчэ сервант, бліскучы паліраваны стол з крыштальнаю попельніцаю пасяродку. Арабей.
пасярэ́браны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасерабрыць.
2. у знач. прым. Пакрыты тонкім слоем серабра. Моўчкі [Віцінг] прайшоў у куток да шафы, адчыніў дзверцы, дастаў чорную пляшку і дзве пасярэбраныя чаркі. Асіпенка.
3. перан.; у знач. прым. Серабрысты, сівы. Твар худы, а густая кароткая пасярэбраная барада і глыбока схаваныя вочы робяць [бацьку] яшчэ худзейшым. Галавач. Галава [гаспадара] з шырокім ілбом акаймавана з бакоў і ззаду кучаравымі пасярэбранымі валасамі. В. Вольскі. Увайшоў Готфрыд Габер, з пасярэбранымі скронямі, прыгожы, з пранізлівымі вачыма. Гурскі.