Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

партузно́сы, ‑аў; адз. партузнос, ‑а, м.

Партыйныя ўзносы — штомесячныя грашовыя ўзносы членаў і кандыдатаў у члены Камуністычнай партыі.

партула́к, ‑у, м.

Аднагадовая або шматгадовая гароднінная ці дэкаратыўная расліна сямейства партулакавых з мясістымі лістамі і далікатнымі кветачкамі.

[Лац. portulaca.]

партула́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да партулаку.

2. у знач. наз. партула́кавыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносіцца партулак.

партупе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да партупеі. Партупейная спражка.

партупе́й-пра́паршчык, ‑а, м.

Ніжэйшае званне ў рускай арміі канца 18 ст., якое прысвойвалася дваранам. // Асоба, якая мела такое званне.

партупе́й-ю́нкер, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай рускай арміі — званне, якое прысвойвалася юнкерам за выдатную службу. // Асоба, якая мела такое званне.

партупе́я, ‑і, ж.

Плечавы або паясны рэмень, да якога прышпільваецца халодная зброя, палявая сумка і пад. [Аня] азірнулася і ўбачыла высокага чалавека ў вайсковым адзенні з партупеяй цераз плячо, без шапкі. Мележ. Васілю асабліва добра запомніўся малады чарнявы лейтэнант з партупеяй на запыленай гімнасцёрцы. Няхай.

[Фр. porte-épée.]

партфе́ль, ‑я, м.

1. Чатырохвугольная сумка з засцежкай, у якой носяць кнігі, паперы і пад. Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ. Невядома, чым бы ўсё скончылася, каб у гэты час не ўвайшлі незнаёмыя людзі з вялікімі жоўтымі партфелямі... Чарот.

2. Пасада міністра. Размеркаванне партфеляў. // Кіруючая пасада наогул.

3. Сукупнасць рукапісаў, каштоўных папер і пад., якія знаходзяцца ў распараджэнні рэдакцыі, банка і пад. Рэдакцыйны партфель.

•••

Міністр без партфеля гл. міністр.

[Ад фр. portefeuille.]

партфе́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да партфеля. Партфельная ручка. Партфельны замок.

партшко́ла, ‑ы, ж.

Партыйная школа — школа для падрыхтоўкі кадраў партыйных работнікаў Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.