Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

па́ра 1, ‑ы, ж.

1. Два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае. Пара рукавіц. □ «Стой! — камандуе Марка. Спыніліся. — Знімайце, паны, боты!» — Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Колас. // Адзін з двух аднолькавых сіметрычных прадметаў, якія складаюць адно цэлае (у адносінах да другога). Да рукавіцы трэба было знайсці пару замест згубленай. // Два аднолькавыя сіметрычныя органы або іх часткі, якія выконваюць аднолькавыя функцыі ў жывым арганізме. Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. // Разм. Прадмет, які складаецца з дзвюх аднолькавых і злучаных разам частак. [Ніна] знімае другую пару навушнікаў, расчэплівае іх і накладае на вушы. Брыль.

2. Дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка. Рупліва ўладкоўвалася ў сваім купэ адна ўжо даволі немаладая пара. Кулакоўскі. Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук. // Дзве істоты, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам, аб’яднаныя чым‑н. агульным. У лявонісе імклівай Пары стройныя ідуць. Броўка. На экране танцавала балетная пара. Шамякін. // Адна з дзвюх істот, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам і разглядаюцца як нешта цэлае. Антон танцуе з Настуляй. Скіба таксама знайшоў пару — пажылую вясёлую кабету. Крапіва. // Запрэжка з дваіх коней. Прыехаць на пары.

3. у знач. прысл. па́рамі. Удваіх, па два. Танцаваць парамі.

4. у знач. вык., каму (звычайна з адмоўем). Разм. Пра таго, хто адпавядае каму‑н. па якіх‑н. якасцях, у якіх‑н. адносінах. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджаў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік. Колас.

5. Разм. Два прадметы, дзве штукі чаго‑н. Старая павезла [на кірмаш] місачку масла і пару куранят. Крапіва.

6. Разм. Невялікая колькасць чаго‑н.; некалькі. — Я прасіў бы вас на пару слоў, — ужо больш ветліва сказаў.. [Гунава]. Самуйлёнак. [Лыжнік] махнуў палкамі, зрабіў пару шырокіх крокаў і параўняўся з.. [Верай]. Марціновіч.

•••

Пара сіл (спец.) — дзве паралельныя і роўныя сілы, якія накіраваны ў процілеглыя бакі і дзейнічаюць у адной плоскасці.

На пару; у пары з кім — разам, удваіх з кім‑н.

па́ра 2, ‑ы, ж.

Газ, які ўтвараецца пры выпарэнні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады. З чыгуна выбівалася пара, разносячы навокал апетытны пах юшкі. Асіпенка. На прымусе вада ў каструлі клекатала, Кіпела і бурліла бурна так, Што пара пачала клубіцца. Корбан. // Вялікая колькасць вельмі дробных кропелек вады, якія ўтвараюцца ў паветры пры падсыханні чаго‑н. вільготнага, пры сутыкненні цёплага і халоднага паветра і пад. Вада пад берагам злёгку курылася празрыстай парай. Лынькоў. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін. // Разм. Моцна нагрэтае вільготнае паветра. Пара касцей не ломіць. Прымаўка.

•••

Мятая пара (спец.) — адпрацаваная пара ў машынах.

З лёгкаю параю — пажаданне таму, хто толькі што памыўся ў лазні.

Паддаць пары гл. паддаць.

Пад параю — гатовы ў любы момант адправіцца (пра паравоз, параход).

пара́, ы́; мн. по́ры (з ліч. 2, 3, 4 пары́), пор і по́раў; ж.

1. Час, перыяд. У нас з табою стрэч было нямала У грозны час і радаснай парой. Танк. А калі закрасуе жыта, зацвіце лён — лепшай пары, напэўна, і на свеце не бывае. Няхай. Набліжалася тая пара, калі Юля павінна была стаць маці. Грамовіч. // Пэўны, адпаведны момант. — Давай! — сказаў я. — Цяпер самая пара пакупацца, а то ад сонца аж галава разбалелася. Васілёнак. // Частка сутак. Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Увечар да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Пра які‑н. перыяд года. Быў канец ліпеня, стаяла звычайная для гэтай пары гарачыня. Васілёнак. Загадае чараўніца — Дваццаць сонцаў загарыцца, Дождж пальецца як з вядра. Проста летняя пара. Муравейка. З той зімовай далёкай пары Мы з табою навекі сябры. Астрэйка. // Эпоха, перыяд. Беларуская літаратура савецкай пары.

2. у знач. вык. Настаў час для чаго‑н. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег. Колас. Маша спяшалася дамоў — пара было карміць малога. Шамякін.

•••

Без пары — рана, дачасна.

Да гэтай пары — да гэтага часу.

Да пары да часу — пакуль што.

З той пары — з таго часу, моманту.

Каторая пара — вельмі позна.

Не ў пару — не ў час, недарэчы.

У пару — у час, своечасова.

параадво́дны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для адводу пары. Параадводная трубка.

параахаладжа́льнік, ‑а, м.

Спец. Прыбор для рэгулявання тэмпературы пары.

парабава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад парабаваць.

парабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.

Абрабаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Раману з сынам, Маркам, не дазволіў уцячы пан. Даў стрэльбу і загадаў застацца ў пустой вёсцы, каб не парабавалі сялянскага набытку ліхія людзі. Караткевіч.

па́рабак, ‑бка; мн. парабкі, ‑оў і парабкі, ‑аў; м.

Наёмны сельскагаспадарчы рабочы ў памешчыцкай або кулацкай гаспадарцы. Зямля навокал была ўрадлівая.. Парабкоў тут было многа, бо фальваркі і маёнткі былі багатыя. Чорны. Было ў пана сямёра парабкоў, адзін аднаго прыгажэй і здатней. Лынькоў. Гнаў канвой парабкоў, — тупат ног за акном. Пан хадзіў па пакоі, чарнейшы ад хмары. Куляшоў. У хаце туліліся дзве сям’і парабкаў, але і іх не было, — паехалі араць на поле. Пестрак.

пара́бала, ‑ы, ж.

Спец. Лінія перасячэння круглага конуса плоскасцю, паралельнай якой‑н. датычнай плоскасці гэтага конуса.

[Грэч. parabolē.]

парабалі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае форму парабалы. Парабалічная арбіта.

2. Які мае форму парабалоіда. Парабалічнае люстра. // Заснаваны на скарыстанні люстра, якое мае форму парабалы. Парабалічны пражэктар.

парабало́ід, ‑а, М ‑дзе, м.

Спец. Паверхня, утвораная рухам парабалы, вяршыня якой слізгаціць па другой нерухомай парабале.

[Ад грэч. parabolē — збліжэнне і éidos — від.]

парабе́лум, ‑а, м.

Від аўтаматычнага скарастрэльнага пісталета. Афіцэр падхапіўся і накіраваў на .. [людзей] парабелум. Шамякін. Патышын сеў за стол і разам з паперамі адсунуў ад сябе на край варанёны парабелум з вішнёвай ручкай. Алешка.

[Ад лац. para bellum — рыхтуйся да вайны.]