папярэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і папярочны.
•••
Сустрэчны і папярэчны гл. сустрэчны.
папярэ́чына, ‑ы, ж.
Тое, што і папярочка. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны. Краўчанка. [Міканор] прыставіў да страхі [лесвіцу].. Праверыў, ці добра стаіць, ступіў ботам на папярэчыну. Мележ.
папятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Разм. Пятляць некаторы час. На ўсякі выпадак [Ядзя] папятляла па руінах, заходзіла ў загрувашчаныя бітай цэглай двары, стаяла, азіралася і зноў пятляла. Новікаў.
папя́цца, ‑пнуся, ‑пнешся, ‑пнецца; ‑пнёмся, ‑пняцеся; зак.
Разм.
1. Напружыць усе сілы, напружыцца. Для таго, каб знадворку адчыніць дзверы чайной, трэба было добра папяцца. Сабаленка. [Варановіч] упёрся нагою ў сцяну, плячом — у каня каля спіны і папяўся. Конь .. пачаў паднімацца. Чорны.
2. перан. Намагчыся зрабіць што‑н.
папячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. папёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. папячы; зак., што.
1. і без дап. Пячы некаторы час. Лёнька .. паставіў на голую чарэнь халодныя пяткі — хай трохі папячэ ў іх. Капыловіч.
2. Прыгатаваць шляхам награвання на жары; спячы ўсё, многае. Бульбу мы папяклі на вогнішчы, хлеб падзялілі пароўну і смакавалі ўнакладку з яешняй, запіваючы .. вадой. Чыгрынаў.
3. Пашкодзіць чым‑н. гарачым, едкім, пякучым усё, многае. Я расту вось тут пад плотам І не так даўно ўзышла, А ўжо многім абармотам Рукі-ногі папякла. Крапіва. Не гуляй з вуглямі — рукі папячэш. Прыказка.
папячы́ся, ‑пякуся, ‑пячэшся, ‑пячэцца; ‑пячомся, ‑печацеся; пр. папёкся, ‑пяклася, ‑пяклося; зак.
1. Пячыся некаторы час. Калі ўлетку на сонцы не папячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся. Прыказка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спячыся — пра ўсё, многае.
3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Атрымаць пашкоджанні ў выніку ўздзеяння чаго‑н. гарачага, едкага, пякучага — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Папякліся дзеці на пляжы. Папяклося лісце на дрэвах.
папячы́цель, ‑я, м.
1. Той, хто ажыццяўляе папячыцельства (у 1 знач.) над кім‑н.
2. У дарэвалюцыйны час — службовая асоба, якая кіравала некаторымі ўстановамі. Пры стале на ўслоне сядзіць папячыцель вучэбнай акругі сенатар Павасільцаў. Ліс.
папячы́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да папячыцеля. Папячыцельскі савет.
папячы́цельства, ‑а, н.
1. Сістэма мерапрыемстваў па абароне законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх і недзеяздольных.
2. У дарэвалюцыйны час — установа для аказання дапамогі каму‑н.